Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cакратар Рады бясьпекі РФ агучыў фэйкавую сэнсацыю: На Захадзе легалізуюць шлюбы з жывёламі


Мікалай Патрушаў (зьлева) і Ўладзімір Пуцін
Мікалай Патрушаў (зьлева) і Ўладзімір Пуцін

Сакратар Рады бясьпекі Расеі, адзін з самых уплывовых людзей у асяродзьдзі расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, Мікалай Патрушаў у інтэрвію выданьню «Аргументы и факты» заявіў, што на Захадзе «арганізуецца непрыхаваная дыскрымінацыя грамадзянаў, якія прытрымліваюцца традыцыйных каштоўнасьцяў».

Паводле Патрушава, на Захадзе адбываецца «плянамерны падрыў нармальных гендэрных адносінаў», бацьку і маці «пераназываюць у бацькоў нумар адзін і два», а дзе-нідзе «справа даходзіць да легалізацыі шлюбаў з жывёламі». Дзе менавіта адбываецца апошняе — Патрушаў не ўдакладніў.

Шлюбы з жывёламі не легалізаваныя ў ніводнай краіне Захаду. Журналіст Ільля Шапелін выказаў здагадку, што крыніцай інфармацыі для кіраўніка Рады бясьпекі Расеі стаў сатырычны сайт фэйкавых навінаў «Панорама». Той у 2018 годзе паведамляў, што суд у Швэцыі нібыта дазволіў шлюб жанчыны і каня, пасьля чаго «навіну», якая ня мае дачыненьня да рэальнасьці, перадрукаваў шэраг іншых сайтаў.

Тэма легалізацыі заафіліі або пэдафіліі, што нібыта адбываецца ў краінах Захаду, нярэдка гучыць у заявах расейскіх палітыкаў, якія выступаюць за «традыцыйныя каштоўнасьці». Дэпутат Дзярждумы ад партыі «Родина» Аляксей Жураўлёў у свой час заявіў, што ў Даніі любы ахвочы можа згвалтаваць у бардэлі чарапаху.

Большая частка інтэрвію Патрушава прысьвечаная крытыцы краінаў Захаду і іх зьнешняй палітыкі. У прыватнасьці, у ім гучаць абвінавачваньні на адрас ЗША, што тыя «агрэсіўна ўмешваюцца ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаваў».

Гучыць і крытыка на адрас брытанцаў, якія, паводле Патрушава, хочуць «пад новай шыльдай глябальнай Брытаніі старымі мэтадамі будаваць сваю імпэрыю».

«Ангельцы стагодзьдзямі заганялі шатляндцаў у горы, валійцаў выкарыстоўвалі як танную працоўную сілу, ірляндцаў вывозілі для працы ў калёніях у якасьці рабоў», — наракае ён. Патрушаў у інтэрвію крытыкуе таксама Японію, Эўразьвяз і Ўкраіну.

У чэрвені сёлета падчас візыту ў Беларусь і сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Патрушаў заявіў, што мэта вонкавых сілаў — «памяняць дзяржаўны лад і ўладу ў Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG