Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыпынілі крымінальную справу аб сьмерці Рамана Бандарэнкі, —«Наша Ніва»


 Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, Менск, 13 лістапада 2020 г.
Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, Менск, 13 лістапада 2020 г.

Генэральная пракуратура прыпыніла крымінальную справу па факце сьмерці Рамана Бандарэнкі, зьбітага летась на «плошчы Перамен» у Менску.

Пра гэта паведамляе «Наша Ніва». Адвакатка сям'і Інэса Аленская паведаміла Zerkalo.io, што пакуль не атрымала пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь ведамства.

Фармальная прычына — у сувязі зь немагчымасьцю ўстанавіць асобу, датычную да злачынства. Справу завялі па факце нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, ад якіх Бандарэнка памёр.

Гэта здарылася ў лістападзе 2020 году. Рамана Бандарэнку затрымалі на «плошчы Перамен» пасьля канфлікту зь людзьмі, якія зразалі бел-чырвона-белыя стужкі.

«Плошча Перамен» — двор паміж дамамі на вуліцы Чарвякова ў Менску.

З Цэнтральнага РУУС Раман трапіў у рэанімацыю, дзе памёр. На пахаваньне Бандарэнкі прыйшлі тысячы людзей.

Улады, у тым ліку і Аляксандар Лукашэнка, заяўлялі, што Бандарэнка быў нецьвярозы. Гэта было абвергнута на падставе мэдычных дакумэнтаў, якія абнародаваў доктар Арцём Сарокін і апублікавала журналістка парталу tut.by Кацярына Барысевіч.

Барысевіч і Сарокін былі прыцягнутыя за гэта да крымінальнай адказнасьці: Кацярына атрымала рэальны тэрмін зьняволеньня, Арцём — пакараньне з адтэрміноўкай.

Спачатку расьсьледаваньнем сьмерці Бандарэнкі займаўся Сьледчы камітэт. Але хутка на загад Лукашэнкі справу перадалі Генэральнай пракуратуры. Лукашэнка заяўляў, што бярэ сьледзтва пад асабісты кантроль.

Былыя сілавікі, якія выступілі супраць гвалту і беззаконьня і аб’ядналіся ў арганізацыю ByPol, апублікавалі запісы размоваў прэсавай сакратаркі Лукашэнкі Натальлі Эйсмант і хакейнага функцыянэра Дзьмітрыя Баскава.

З аўдыёзапісу вынікае, што абое яны былі ў той вечар на «плошчы Перамен». Гэта стала адной з прычынаў, чаму Міжнародная фэдэрацыя хакею дыскваліфікавала Баскава. Таксама сьцьвярджалася, што на месцы трагедыі быў спартовец Дзьмітрый Шакута.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG