Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд прыпыніў разгляд справы аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне»


Намесьнік старшыні БНФ «Адраджэньне» Юрась Меляшкевіч прадстаўляў арганізацыю ў Вярхоўным судзе

15 верасьня ў Вярхоўным Судзе адбылося пасяджэньне ў справе аб ліквідацыі грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне».

Суд вынес пастанову аб прыпыненьні разгляду пазову аб ліквідацыі арганізацыі, пададзенага Міністэрствам юстыцыі 27 ліпеня, паведамляе «Новы час».

Як расказаў намесьнік старшыні БНФ «Адраджэньне» Юрась Меляшкевіч, які прадстаўляў у судзе інтарэсы арганізацыі, падставай для прыпыненьня разгляду справы была пададзеная з боку арганізацыі скарга на раней вынесенае ёй пісьмовае папярэджаньне.

«Месяц таму, калі мы атрымалі ад Вярхоўнага суду паведамленьне пра пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі ГА БНФ „Адраджэньне“, то ўпершыню даведаліся, што нашай арганізацыі яшчэ 14 ліпеня Мін’юст вынес пісьмовае папярэджаньне. Менавіта невыкананьне патрабаваньняў таго папярэджаньня пакладзена ў падмурак позвы аб ліквідацыі».

Па яго словах, вывучыўшы пісьмовае папярэджаньне, у арганізацыі знайшлі яго «неабгрунтаваным». У сувязі з гэтым падалі скаргу ў Вярхоўны суд, які мусіць разгледзець яе ў іншым працэсе.

Вывучыўшы аргумэнты адказьніка, судзьдзя Вярхоўнага суду Рыма Філіпчык пастанавіла прыпыніць разгляд справы аб ліквідацыі ГА БНФ «Адраджэньне» да таго часу, як суд вынесе рашэньне па скарзе, пададзенай арганізацыяй на пісьмовае папярэджаньне.

БНФ «Адраджэньне» — адно з найстарэйшых грамадзка-палітычных аб’яднаньняў Беларусі. Заснаваная ў 1988 годзе на пасяджэньні Аргкамітэту БНФ, арганізацыя была зарэгістраваная як агульнанацыянальнае грамадзкае аб’яднаньне ў 1991 годзе, да 1999-га мела назву Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне».

Аб’яднанне структурна-юрыдычна адасобленае ад Партыі БНФ, хоць склад кіраўніцтва палітычнай партыі і руху ідэнтычны. Старшыня абедзьвюх арганізацый — Рыгор Кастусёў, які цяпер пад вартай у СІЗА КДБ. Супадае і склад Сойму як кіроўнага органу.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Усяго на сярэдзіну верасьня, згодна са зьвесткамі Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 году зьліквідавалі ўжо 135 недзяржаўных арганізацый.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG