Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя Беларусі пяты дзень запар фіксуе па 12 сьмерцяў ад COVID-19


Клінічны шпіталь №6 у Менску. Верасень 2021 году.

За мінулы дзень у Беларусі афіцыйна зарэгістравалі 1923 пацыента з COVID-19, выпісалі 1505 чалавек.

Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства здароўя.

Пятыя суткі запар у краіне фіксуецца 12 сьмерцяў, зьвязаных з каранавіруснай інфэкцыяй (гэта сутачны рэкорд).

У папярэдні дзень было зафіксавана 1.630 новых выпадкаў інфэкцыі COVID-19, 13 верасьня — 1.888, 12-га — 1.907.

З пачатку пандэміі ў Беларусі зарэгістравалі 508.514 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, паправіліся 497.066 пацыентаў. Афіцыйны сутачны рэкорд захворваньня быў зафіксаваны 12 сьнежня 2020 гады — 1.975 новых выпадкаў.

Адзначаецца, што за ўвесь пэрыяд распаўсюду COVID-19 у Белаурсі памерлі 3.953 пацыента з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй.

14 верасьня Міністэрства здароўя Беларусі заявіла аб прыходзе чарговай, ужо чацьвёртай па ліку, хвалі каранавірусу:

«Чарговая хваля Covid-19 прыйшла ў Беларусь, і на парадку дня спэцыялістаў пытаньні забясьпечанасьці лекавымі прэпаратамі, сродкамі індывідуальнай абароны, кіслародам. Асобны момант — наяўнасьць свабодных месцаў у шпіталях, гатовасьць да перапрафіляваньня», — гаворыцца ў паведамленьні міністэрства па выніках нарады па супрацьдзеяньні распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі.

Раней беларускія ўлады неаднаразова атрымлівалі крытыку за яўнае заніжэньне сапраўдных лічбаў захварэлых на COVID-19. Паводле ацэнак экспэртаў у мэдыцыне, паказьнікі маглі заніжацца ажно ў 7 разоў.

Журналісцкае расьсьледаваньне онлайн-выданьня «Медиазона» паказала, што за 2020 год у адным Менску ад каранавірусу памерла больш людзей, чым афіцыйна па ўсёй Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG