Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінабароны Расеі абвясьціла пра завяршэньне вучэньняў «Захад-2021»


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і міністар абароны Сяргей Шайгу назіраюць за манэўрамі
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і міністар абароны Сяргей Шайгу назіраюць за манэўрамі

У Расеі прайшла цырымонія закрыцьця сумеснага стратэгічнага вучэньня «Захад-2021».

На палігоне «Муліна» Ніжагародзкай вобласьці адбылася цырымонія закрыцьця сумеснага стратэгічнага вучэньня Ўзброеных сілаў Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь «Захад-2021», паведаміла расейскае вайсковае ведамства.

Намесьнік міністра абароны Расеі Мікалай Панкоў заявіў, што вучэньне мела «абарончы характар і накіравана на навучаньне войскаў вядзеньню ваенных дзеяньняў у сучасных умовах і павышэньне апэратыўнай сумяшчальнасьці органаў вайсковага кіраваньня ўзброеных сілаў саюзьнікаў і дружалюбных дзяржаў».

Міністэрства абароны Беларусі пра заканчэньне вайсковых манэўраў пакуль не паведамляла. Ад пачатку пазначалася, што вучэньне будзе праходзіць 10-16 верасьня. Усяго ў Беларусі і Расеі было задзейнічана каля 200 тысяч чалавек.

Раней начальнік дэпартамэнту міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва Міністэрства абароны генэрал-маёр Алег Воінаў расказаў пра «ваенныя пагрозы», на фоне якіх Беларусь імкнецца да зьніжэньня канфліктнага патэнцыялу і ўмацаваньня бясьпекі.

«Адрозна ад нашых заходніх партнэраў, Беларусь можа канстатаваць адсутнасьць замежных базаў з вайсковай тэхнікай, за выключэньнем радыёстанцыі і вузла сувязі расейскіх установаў, якія не зьяўляюцца вайсковымі базамі. А вось некаторыя суседнія краіны стала нарошчваюць кантынгенты на мяжы зь Беларусьсю з ужо зафіксаванай дысьлякацыяй звыш 8,5 тысячы вайскоўцаў NATO і вялікай колькасьцю тэхнікі», — заявіў прадстаўнік абароннага ведамства Беларусі.

Паводле генэрала, кожная дзяржава мае права праводзіць апэратыўную і баявую падрыхтоўку войскаў, аднак характар і інтэнсіўнасьць таго, што адбываецца на вонкавых межах Беларусі, выклікае «заканамерную заклапочанасьць».

У Беларусі ў манэўрах бяруць удзел 12 800 чалавек, у тым ліку 2500 расейскіх вайскоўцаў, а таксама

  • больш за 30 самалётаў і верталётаў,
  • каля 140 танкаў,
  • да 110 гарматаў, рэактыўных сыстэмаў залпавага агню і мінамётаў.

Паводле задумы вучэньняў, умоўная дзяржава «Палярная рэспубліка» робіць спробы сілавога ціску на «Цэнтральную фэдэрацыю». Эскаляцыя напружанасьці перарастае ў збройны канфлікт. Фэдэрацыя абараняецца, лякалізуе канфлікт і перамагае праціўніка.

Беларускія ўлады адсправаздачыліся, што запрасілі замежных назіральнікаў з шэрагу дзяржаў і асобных міжнародных інстытуцый:

  • Літва і іншыя краіны
  • Цэнтар прадухіленьня канфліктаў АБСЭ
  • ААН
  • Чырвоны Крыж.

Раней генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што сапраўдная колькасьць войскаў на вучэньнях «Захад-2021» значна перавышае заяўленую.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG