Сябра Эўрапарлямэнту Гі Вэрхафстат (былы прэмʼер-міністар Бэльгіі) заявіў, што Аляксей Навальны змагаецца за каштоўнасьці Эўразьвязу: дэмакратыю, вяршэнства права, праўду і свабоду.
Барацьба Навальнага ў сучаснай Расеі ледзь не каштавала яму жыцьця.
Паводле Вэрхафстата, Навальнага падтрымліваюць многія грамадзяне Расеі, «якія баяцца выказваць сваю пазыцыю і маюць патрэбу ў падтрымцы з боку Эўрапейскага Зьвязу».
Летась прэміяй Сахарава ўганаравалі дэмакратычную апазыцыю Беларусі.
20 жніўня 2020 году Аляксей Навальны быў шпіталізаваны ў Омску з борта самалёта, які рухаўся з Томску ў Маскву. Апазыцыянэра даставілі ў лякарню ў стане комы. Празь некалькі дзён, на патрабаваньне блізкіх, Навальнага перавезьлі на лячэньне ў Бэрлін. Тры эўрапейскія вайсковыя лябараторыі, у Нямеччыне, Францыі і Швэцыі, пазьней прыйшлі да высновы, што Аляксей Навальны быў атручаны баявым атрутным рэчывам «Навічок».
Аляксей Навальны ўпэўнены, што за замахам на яго стаіць асабіста прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. У Крамлі гэта катэгарычна адмаўляюць.
Навальнага не было ў Расеі больш за чатыры месяцы, пакуль ён лячыўся ў Нямеччыне, — на падставе гэтага Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў абвінаваціла яго ва ўхіленьні ад абавязкаў умоўна асуджанага ў справе «Іў Рашэ» і запатрабавала замяніць умоўны тэрмін на рэальны.
Навальны вярнуўся зь Нямеччыны ў Расею 17 студзеня 2021 году і быў затрыманы адразу на лётнішчы падчас праходжаньня пашпартнага кантролю.
2 лютага суд адправіў Аляксея Навальнага ў калёнію на тры з паловай гады ў крымінальнай справе «Іў Рашэ» васьмігадовай даўнасьці. У 2017 годзе Эўрапейскі суд у правах чалавека пастанавіў, што так званая справа «Іў Рашэ», у якой ён быў асуджаны, парушыла права Навальнага на справядлівы разбор. Яму была выплачана кампэнсацыя. Але Вярхоўны суд Расеі прызнаў прысуд законным і адмовіўся яго мяняць.
31 сакавіка Навальны абвясьціў галадоўку, якую трымаў больш за тры тыдні. Ён патрабаваў дапусьціць да яго незалежных лекараў у сувязі са скаргамі на болі ў сьпіне.