Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэпартэры бязь межаў» заявілі пра рост колькасьці нападаў на журналістаў у Афганістане


Талібы ў Кабуле

Журналісты ў Афганістане ўсё часьцей робяцца ахвярамі гвалту і жорсткага абыходжаньня

DW паведамляе пра гэтую заяву міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў» (RSF), якая працягвае зьбіраць дадзеныя пра арышты і напады на супрацоўнікаў СМІ ў Афганістане.

У першыя дні пасьля захопу ўлады радыкальным ісламісцкім рухам «Талібан» атакі на журналістаў з ужываньнем сілы былі выключэньнем, але з 7 верасьня назіраецца рост іх колькасьці, гаворыцца ў заяве RSF.

Кіраўнік нямецкага аддзяленьня RSF Крысьціян Мір бачыць у гэтым «паваротны пункт у паводзінах талібаў». «Пасьля захопу імі ўлады не прайшло і месяца, як талібы канчаткова сарвалі зь сябе маскі», — падкрэсьліў ён.

Напады на журналістаў зрабіліся часьцейшымі пасьля стварэньня талібамі пераходнага ўраду 8 верасьня, гаворыцца далей у заяве. У прыватнасьці, пацярпелі журналісты, якія асьвятлялі пратэсты жанчын у Кабуле. Многіх зь іх ваеўнікі ўтрымлівалі на працягу некалькіх гадзін і зьдзекаваліся зь іх.

Паводле дадзеных RSF, па-ранейшаму пад арыштам знаходзіцца фатограф і тэлежурналіст Мартэза Самад, які вёў рэпартаж з адной з дэманстрацыяў. Талібы абвінавачваюць яго ў саўдзеле ў арганізацыі пратэстаў і лічаць ягоную прафэсійную камэру доказам шпіянажу на замежныя дзяржавы.

Акрамя таго, у заяве згадваецца пра гібель двух журналістаў — сузаснавальніка інфармагенцтва Raha News Алі Рэзы Ахмадзі і тэлевядучай Наймы Садэкі — у выніку тэракту ў аэрапорце Кабулу 26 жніўня. 19 жніўня талібы шукалі аднаго з журналістаў DW і застрэлілі ягонага блізкага сваяка, нагадалі праваабаронцы.

«Рэпартэры бязь межаў» штодня атрымліваюць адчайныя просьбы аб дапамозе з боку супрацоўнікаў СМІ з Афганістану. «Многія зь іх не змаглі атрымаць доступ на эвакуацыйныя рэйсы з Кабулу, і пры ўладзе талібаў іх жыцьці пад пагрозай», — падкрэсьліваецца ў заяве.

Арганізацыя склала сьпіс журналістаў, якія знаходзяцца ў Афганістане ў крайняй небясьпецы. Цяпер у ім больш за 150 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG