Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы згодныя на любых дактароў». Бацьку і сыну Кузьнечыкам, якія год хаваюцца ў швэдзкай амбасадзе, патрэбна мэдычная дапамога


Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі ў будынку амбасады Швэцыі ў Менску. Верасень 2020 году.

Мэдычная дапамога грамадзянам Беларусі Віталю і Ўладзіславу Кузьнечыкам, якія больш за год знаходзяцца на тэрыторыі амбасады Швэцыі, будзе аказаная. Як — пакуль вырашаецца.

Пра гэта Свабодзе расказаў адвакат Кузьнечыкаў Вадзім Драздоў. Ён кажа, што пакуль невядома, ці будуць гэта лекары зь Беларусі, ці са Швэцыі.

А ці можна было проста выклікаць лекараў у амбасаду, дзе знаходзяцца Кузьнечыкі?

«Вельмі моцна сумняваюся, што прыедуць простыя лекары. Гэта дакладна не варыянт», — сказаў ён.

З гэтым пагаджаецца Ўладзіслаў Кузьнечык і дадае:

«Мы ня супраць выкліку дактароў, але наўрад ці хто зь лекараў пагодзіцца празь цяперашнюю сытуацыю ў краіне. І нават калі лекараў выклікаць у амбасаду, то абсталяваньня тут усё роўна няма».

Яшчэ 27 траўня гэтага году Кузьнечыкі прасілі ўрад Швэцыі прыслаць лекараў. 4 чэрвеня ўрад Швэцыі адказаў, што юрыдычна Швэцыя ня мае юрысдыкцыі адносна Кузьнечыкаў і ня можа прапанаваць мэдычнае абслугоўваньне, бо гэта выходзіць за рамкі часовай меры, указанай Камітэтам супраць катаваньняў.

Паводле Ўладзіслава, яны неаднаразова зьвярталіся да швэдзкага боку, аднак пакуль безвынікова. Хоць Уладзіславу трэба раз на год праходзіць мэдычнае абсьледаваньне.

«Пытаньне мэдычнай дапамогі і абсьледаваньня асноўнае для нас. Я ўжо прапусьціў тры плянавыя абсьледаваньні, бацька таксама мае праблемы са здароўем. Мы згодныя на любую дапамогу ад любых дактароў, — кажа Свабодзе Ўладзіслаў Кузьнечык. — Праблема ў тым, што патрэбна мэдычнае абсталяваньне, якога, натуральна, няма ў амбасадзе».

Паводле Ўладзіслава, ім невядома, як будзе далей вырашацца гэтае пытаньне.

Удзельнікі пратэстаў Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі папрасілі палітычнага прытулку ў Швэцыі, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў. У швэдзкай амбасадзе ў Менску ім адмовілі, бо не адказваюць за гэтую працэдуру. Тады Кузьнечыкі пераскочылі праз агароджу дыппрадстаўніцтва і застаюцца на яго тэрыторыі ўжо больш за год.

23 верасьня 2020 году Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі зьвярнуліся ў Камітэт супраць катаваньняў ААН са скаргай на Швэцыю. У ёй гаворыцца, што ў выніку бязьдзеяньня альбо дзеяньняў Швэцыі іх могуць затрымаць беларускія ўлады і прымяніць катаваньні.

1 кастрычніка Камітэт задаволіў запыт Кузьнечыкаў пра часовыя меры. Яны абавязваюць Швэцыю забясьпечыць асабістую недатыкальнасьць Кузьнечыкаў, пакуль іх скаргу разглядае Камітэт.

Паводле адваката Вадзіма Драздова, заяўнікі 6 жніўня 2021 году атрымалі ліст з сакратарыяту ўправы Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека. У лісьце сказана, што гэтая скарга Кузьнечыкаў цяпер знаходзіцца ў сьпісе спраў, заплянаваных да разгляду на маючай адбыцца сэсіі Камітэту ў лістападзе 2021 году.

Паводле раскладу працы Камітэту, чарговая сэсія пройдзе з 8 лістапада па 3 сьнежня.

«Краіне-ўдзельніцы таксама было прапанавана садзейнічаць таму, каб заяўнікі маглі атрымліваць неабходную жыцьцёва важную мэдычную дапамогу, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэту», — кажа Вадзім Драздоў.

Таксама Камітэт супраць катаваньняў паўторна адмовіў уладам Швэцыі ў задавальненьні іх просьбы аб зьняцьці часовых мераў. Кузьнечыкі застаюцца на тэрыторыі амбасады.

Паводле адваката Вадзіма Драздова, цяпер швэдзкія ўлады мусяць вырашаць пытаньне з аказаньнем мэдычнай дапамогі Кузьнечыкам і шукаць варыянты.

«Камітэт ясна сказаў: дзяржаве-ўдзельніцы таксама было прапанавана садзейнічаць таму, каб заяўнікі маглі атрымліваць неабходную жыцьцёва важную мэдычную дапамогу, пакуль справа знаходзіцца на разглядзе Камітэту», — сказаў адвакат.

Паводле Драздова, якім чынам Швэцыя будзе выконваць рашэньне Камітэту, — гэта ў кампэтэнцыі яе ўладаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG