Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраіль нанёс удары па пазыцыях групоўкі ХАМАС у паласе Газы ў адказ на ракетны абстрэл

Траекторыі ізраільскіх супрацьракетаў сыстэмы СПА «Жалезны купал»
Траекторыі ізраільскіх супрацьракетаў сыстэмы СПА «Жалезны купал»

Ізраільскія спэцслужбы затрымалі чатырох палестынцаў, якія ўцяклі з турмы, на што групоўка ХАМАС адрэагавала ракетным абстрэлам тэрыторыі Ізраіля. У адказ Ізраіль нанёс удары па падземнай інфраструктуры ХАМАСу.

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle.

Ізраіль ізноў нанёс удары па мэтах у паласе Газы ў адказ на ракетны абстрэл сваёй тэрыторыі. Як паведамілі ізраільскія вайскоўцы ў нядзелю, удары былі нанесеныя па падземнай інфраструктуры радыкальнага ісламскага руху ХАМАСу: па майстэрні па вытворчасьці ракетаў, сховішчу зброі, трэніровачным цэнтры і тунэлі. Паведамленьняў аб ахвярах пакуль не паступала.

Напружанасьць у рэгіёне ўзмацнілася ў апошнія дні. Пасьля таго як у пятніцу, 10 верасьня, былі затрыманыя чацьвёра палестынцаў, якія ўцяклі на пачатку тыдня з ізраільскай турмы строгага рэжыму, баевікі выпусьцілі з паласы Газы некалькі ракетаў па Ізраілю, якія былі перахопленыя сыстэмай СПА «Жалезны купал».

Двое з шасьці палестынскіх ваеўнікоў, якія здолелі зьбегчы з турмы праз адтуліну ў камэры, па дадзеных ізраільскай паліцыі, усё яшчэ на свабодзе. Чацьвёра ўцекачоў былі схопленыя ў арабскай вёсцы недалёка ад Назарэту на поўначы Ізраілю. Усе яны былі асуджаныя за ўчыненьне або плянаваньне нападаў на ізраільцянаў, якія прывялі да гібелі людзей, ці падазраваліся ў гэтых злачынствах.

  • Некалькімі днямі раней, 7 верасьня, Армія абароны Ізраілю (Цахал) нанесла ўдары па некалькіх мэтам у паласе Газы ў адказ на запушчаныя адтуль паветраныя шары з запальнай сумесьсю, якія выклікалі пажары на поўдні краіны напярэдадні наступленьня габрэйскага Новага году.
  • У канцы траўня паміж Ізраілем і групоўкамі ХАМАС і «Ісламскі джыхад» уступіў у сілу рэжым спыненьня агню, паклаўшы канец масіраваным абстрэлам з абодвух бакоў, якія не спыняліся на працягу 11 дзён.
  • Пагадненьне было дасягнутае пры пасярэдніцтве Егіпту. У той жа час бакі папярэдзілі адзін аднаго аб магчымых наступствах у выпадку парушэньня перамір’я. У Ізраілі заявілі, што рэжым спыненьня агню перастане дзейнічаць, калі з паласы Газы працягнуцца ракетныя абстрэлы ізраільскай тэрыторыі.
XS
SM
MD
LG