Адказнасьць за абстрэл узяла на сябе радыкальная лібанская групоўка «Хэзбала».
Армія абароны Ізраіля паведаміла, што частку ракет перахапіла сыстэма супрацьракетнай абароны «Жалезны купал», астатнія ўпалі на адкрытай мясцовасьці ў раёне Хэрмон. Аб параненых і разбурэньнях зьвестак не паступала.
Лібанскія СМІ пішуць, што «Хэзбала» ня мае дачыненьня да абстрэлу.
У ноч на 5 жніўня ізраільская авіяцыя атакавала шэраг цэляў на поўдні Лібану. Вайскоўцы Ізраіля паведамілі, што ўдары наносіліся ў адказ на ракетныя запускі ў кірунку ізраільскіх населеных пунктаў. Гэта быў першы выпадак выкарыстаньня авіяцыі супраць лібанскіх пазыцыяў за апошнія гады.
Камандаваньне міратворцаў ААН у Паўднёвым Лібане ацэньвала абстаноўку як вельмі сур’ёзную і заклікала бакі да спыненьня агню.
Прэзыдэнт Лібану Мішэль Аун заявіў, што авіяўдар паказвае на наяўнасьць у Ізраіля агрэсіўных намераў. Дзеяньні ізраільскіх вайскоўцаў асудзіў Вашынгтон.
- Ізраіль і «Хэзбала» вялі сурʼёзныя баявыя дзеяньні ў 2006 годзе. Тады лібанскія байцы абстралялі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў на мяжы і напалі на памежны патруль. Загінулі восем памежнікаў, трое атрымалі раненьні. Дваіх вайскоўцаў захапілі ў палон. Іх целы вярнулі Ізраілю праз два гады.
- У адказ на напады ізраільская армія пачала ваенную апэрацыю «Годная адплата». Баявыя дзеяньні працягваліся больш за 30 дзён. Паводле розных зьвестак, загінула больш за тысячу лібанцаў і больш за паўтары сотні ізраільцянаў.
- «Хэзбала» — ваенізаваная лібанская шыіцкая арганізацыя. ЗША, Вялікая Брытанія, Ізраіль, Ліга арабскіх дзяржаваў і іншыя краіны прызналі групоўку тэрарыстычнай. Групоўка выступае за стварэньне ў Лібане ісламскай дзяржавы на ўзор Ірану.