Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на вучэньнях «Захад-2021»: Беларусі патрэбныя С-400, каб абараніць мяжу з Украінай


Лукашэнка падчас вучэньняў «Захад-2021» на палігоне Обуз-Лясноўскі. 12 верасьня 2021

Аляксандар Лукашэнка сёньня назіраў за хадой вучэньняў «Захад-2021» на Обуз-Лясноўскім палігоне пад Баранавічамі. З расейскага боку за хадой манэўраў назіраў намесьнік міністра абароны Юнус-Бек Еўкураў

Пра гэта паведамляе Інтэрфакс.

У сёньняшнім эпізодзе вучэньняў, за якім назіраў Лукашэнка, бралі ўдзел часткі Кантэміраўскай танкавай дывізіі РФ, злучэньні паветрана-дэсантных войскаў Расеі, часткі сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі і падразьдзяленьні дэсантна-штурмавой брыгады Казахстану.

Закупкі ўзбраеньня, каб абараніцца ад Украіны

Наведваючы вучэньні, Лукашэнка паведаміў, што Беларусь плянуе закупку расейскага ўзбраеньня больш чым на мільярд даляраў.

Паводле яго гэтая тэма закраналася на яго перамовах з прэзыдэнтам РФ Уладзіміра Пуціным 9 верасьня.

«Я яму яшчэ раз нагадаў пра С-400, расказаў яму, дзе мы хочам паставіць гэтыя комплексы. Дзякуй Богу, цяпер у нас цалкам комплексамі С-300 перакрыты пэрымэтар на заходнім кірунку. Але, як вы ведаеце, у нас і паўднёвы кірунак дадаўся. Мы зь беларускімі генэраламі і расейцамі абмяркоўвалі гэтую тэму. Нас пачынаюць з поўдня падаграваць. А што яшчэ будзе... мы павінны рыхтавацца — 1200 кілямэтраў мяжа з Украінай. Таму нам давядзецца зачыняць і гэты пэрымэтар. І мы вялі якраз гаворку пра тое, што С-400 нам будзе да месца. І ён даў даручэньне міністру абароны, каб з нашымі прапрацавалі гэтыя пытаньні для таго, каб можна было паставіць гэтыя комплексы нам», — распавёў Лукашэнка.

Лукашэнка паведаміў, што ўзгоднены пералік узбраеньня, якое да 2025 года будзе пастаўленае ў Беларусь.

«Гэта каля дзясятка самалётаў, частка нам ужо паступіла, гэта некалькі дзясяткаў верталётаў Тор-М2. Вялікія аб’ёмы. Кажа гэта пра тое, што і мы, і Расейская Фэдэрацыя вельмі сурʼёзна ўспрымаем гэта заходні кірунак, дзе мы знаходзімся непасрэдна ў судакрананьні з натаўскімі войскамі», — сказаў Лукашэнка.

Крыўда на заходніх назіральнікаў

Лукашэнка раскрытыкаваў назіральнікаў краінаў ЭЗ і ЗША, не якія прыехалі на вучэньні «Захад-2021»

«Мы запрасілі ўсіх, хто жадаў паглядзець гэтыя вучэньні. Іх тут не было, але яны ўсё бачылі. Тое, што яны адмыслова не прыехалі, гэта такая несалідная пазыцыя», — сказаў ён.

Пуцін прыедзе ў Беларусь у кастрычніку

Лукашэнка заявіў, што Пуцін прыляціць у Беларусь на саміт СНД у кастрычніку.

«Мы з прэзыдэнтам Расеі не адзін раз яшчэ сустрэнемся! Перад Вышэйшым Дзяржсаветам ён прыляціць у Менск, 15 кастрычніка будзе саміт СНД», — сказаў Лукашэнка.

  • Апошняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна адбылася ў Маскве 9 верасьня. Вышэйшы дзяржсавет саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі пройдзе паводле пляну 4 лістапада. Мяркуецца, што на ім Лукашэнка і Пуцін канчаткова зацьвердзяць пакет новых інтэграцыйных пагадненьняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG