Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін з Лукашэнкам на перамовах у Крамлі ўзгаднілі 28 «саюзных праграм»

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін, архіўнае фота.

Пятая за 2021 год сустрэча двух палітыкаў прайшла 9 верасьня ў Маскве. Яна доўжылася 3,5 гадзіны. Пасьля сустрэчы Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка выступілі на прэс-канфэрэнцыі.

На прэс-канфэрэнцыі

Пуцін паведаміў, што на перамовах з Лукашэнкам былі ўзгодненыя 28 праграм па далейшым паглыбленьні інтэграцыйных працэсаў паміж дзьвюма краінамі.

«Гаворка ідзе пра 28 так званых саюзных праграм, якія накіраваныя на ўніфікацыю заканадаўства Расеі і Беларусі ў розных галінах эканомікі, на выраўноўваньне ўмоў дзейнасьці гаспадарчых суб’ектаў дзьвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энэргетычных рынкаў, транспартнай прасторы, фармаваньне і рэалізацыю агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі», — растлумачыў Пуцін.

Аб чым канрэтна дамовіліся Пуцін і Лукашэнка:

  • кошт на расейскі газ для Беларусі на 2022 год захаваецца на ўзроўні 2021 году;
  • да 1 сьнежня 2023 году будзе падпісана дамова аб аб'яднаньні рынку газу;
  • Пуцін і Лукашэнка дапусьцілі магчымасьць стварэньня адзінай абароннай прасторы;
  • заплянавалі стварэньне адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў, а таксама падпісаньне дамовы аб адзіным рынку электраэнэргіі.

Пуцін паведаміў, што заўтра, 10 верасьня, плянуецца ўхваліць «саюзныя праграмы» на пасяджэньні Савету міністраў «саюзнай дзяржавы» ў Менску.

«Пасьля чаго яны будуць вынесеныя на зацьвярджэньне Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, пасяджэньне якога плянуецца правесьці да канца бягучага году. Мы дамовіліся з Аляксандрам Рыгоравічам, зараз паглядзім нашы графікі і вызначым больш ці менш дакладную дату», — паведаміў прэзыдэнт РФ.

Пуцін на прэс-канфэрэнцыі абвясьціў таксама пра рашэньне Масквы зьняць паміж Расеяй і Беларусьсю ўсе абмежаваньні ў авіяцыйным транспарце, зьвязаныя з каранавіруснай пандэміяй.

Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі адзначыў, сярод іншага:

«Мы зробім усё, што ў інтарэсах народаў. І калі нам патрэбна будзе яшчэ больш цесная інтэграцыя: вайсковая, палітычная, эканамічная інтэграцыя — мы гэта зробім імгненна, як толькі адчуем запыты нашых людзей — у Беларусі і ў Расеі».

Перад сустрэчай

Перад сустрэчай у Крамлі дэзынфікавалі паветра, напісаў тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі.

Раней у Крамлі паведамілі, што ў рамках сустрэчы Пуцін з Лукашэнкам абмяркуюць вынікі працы ў прасоўваньні інтэграцыйных працэсаў у рамках саюзнай дзяржавы і іншыя пытаньні разьвіцьця расейска-беларускіх адносін.

Як паведамляла раней БелТА, на ўрадавым узроўні кансэнсус знайшлі па 28 так званых «саюзных праграмах», якія ўключаюць у сябе дамоўленасьці ў сфэры эканамічнай інтэграцыі: збліжэньне макраэканамічнай палітыкі, грашова-крэдытныя аспэкты, пытаньні прамысловай, аграрнай палітыкі і мытнага адміністраваньня, падатковага заканадаўства, канкурэнцыі і гандлёвай дзейнасьці.

Сам Лукашэнка раней заяўляў, што на маючых адбыцца перамовах можа падняць шэраг пытаньняў у нафтавай сфэры.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітрый Пяскоў за дзень да сустрэчы палітыкаў заявіў, што ня мае інфармацыі пра падпісаньне інтэграцыйных дакумэнтаў, аднак інтэграцыя будзе абмяркоўвацца.

Падчас сустрэчы

18:30

Інфармацыйныя агенцтвы перадалі заявы Лукашэнкі і Пуціна падчас іх сустрэчы.

Лукашэнка: Прыняцьце саюзных праграмаў будзе прарывам.

Пуцін: Праца над інтэграцыяй Беларусі і Расеі не зьяўляецца вынікам каньюнктуры, а зьяўляецца даўняй працай, якая вядзецца на працягу многіх гадоў.

«Спадзяюся, тое, пра што мы дамовімся сёньня, не зьвязана зь нейкай палітычнай каньюнктурай у нашых краінах ці палітычным календаром», — падкрэсьліў Уладзімір Пуцін.

Раней паведамлялася, што прынцыповая згода дасягнутая па ўсіх 28 саюзных праграмах. Падпісаць іх на прэзыдэнцкім узроўні плянуецца на Вышэйшым дзяржсавеце «саюзнай дзяржавы» ў кастрычніку-лістападзе.

Як адзначыў Аляксандар Лукашэнка 1 верасьня, калі яны з Пуціным канчаткова дамовяцца на перамовах 9 верасьня, то на ўзроўні ўрадаў адпаведныя праграмныя дакумэнты могуць быць падпісаныя ўжо заўтра, на пасяджэньні ў Менску «саюзнага саўміну» пад кіраўніцтвам прэм'ераў Беларусі Рамана Галоўчанкі і Міхаіла Мішусьціна.

18:42

Пуцін паведаміў, што папрасіў Лукашэнку прыехаць, каб падвесьці вынікі працы па фармаваньні «саюзнай дзяржавы» за апошні час.

Лукашэнка:«Мы рухаемся, як і ўсе цывілізаваныя краіны, толькі разам, толькі ў саюзе — родныя дзяржавы, блізкія народы, практычна адзіны народ, ад аднаго кораня і расейцы, і беларусы».​

18:49

Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным у Крамлі заявіў, што разьлічвае на прыняцьце 28 саюзных праграмаў падчас пасяджэньня Вышэйшага Дзяржсавету (ВДС) саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, якое можа прайсьці ў канцы кастрычніка.

Пра гэта паведамляе ТАСС.

«Абмяркуем 28 праграмаў. Гэта вельмі шмат. Гэта асноўныя тэмы і напрамкі нашага супрацоўніцтва. Каб даць магчымасьць урадам заўтра яшчэ раз на экспэртным і ўрадавым узроўні разгледзець іх. Калі яны прымаюць, то на ВДС, як мы дамаўляліся з вамі, як мы вызначым час – можа быць, у канцы кастрычніка, – прымем канчаткова гэтыя праграмы. Гэта будзе прарыў, прарыў у многіх сфэрах», — сказаў Лукашэнка.

18:56

Пуцін: «Хацеў бы адразу адзначыць: тое, пра што мы, спадзяюся, дамовімся сёньня, не зьвязана з якой бы то ні было бягучай палітычнай каньюнктурай у нашых краінах альбо з палітычным календаром — напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у Расеі», — сказаў Пуцін у Крамлі.

Лукашэнка: «А пры чым тут выбары? Калі мы нешта добрае зрабілі, хай гэта будзе падарунак да гэтага вялікага сьвята перадвыбарчага, калі народ гэта ацэніць. Людзям лепш відаць».

Парлямэнцкія выбары ў Расеі адбудуцца 17-19 верасьня. Лукашэнка падчас сустрэчы з Пуціным у Крамлі заявіў, што разьлічвае на прыняцьце 28 саюзных праграмаў падчас пасяджэньня Вышэйшага Дзяржсавету (ВДС) саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі, якое можа прайсьці ў канцы кастрычніка, гэта значыць, празь месяц пасьля думскіх выбараў у РФ.

19:05

Пуцін — Лукашэнку: «Нам трэба з вамі зьверыць гадзіньнікі, кропку паставіць па некаторых пытаньнях і даць магчымасьць урадам ў самы бліжэйшы час — па-мойму, заўтра нават яны зьбіраюцца ў Менску — фіналізаваць некаторыя з гэтых дамоўленасьцяў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG