Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекарка-блогерка «Реанимационная штучка» выехала зь Беларусі ад перасьледу і дала інтэрвію. ВІДЭА


Лекарка Ніка Сяховіч

Анэстэзіёляг-рэаніматоляг Ніка Сяховіч, вядомая ў Twitter як «Реанимационная штучка», выехала зь Беларусі ад перасьледу. Раней яе звольнілі з 5-й лякарні «за палітыку». Праз два месяцы пасьля выезду лекарка дала інтэрвію Свабодзе.

Летась доктарка не засталася ў баку ад пратэстаў. Яна выходзіла на акцыі салідарнасьці мэдыкаў з плякатам «Зьвяжаш нас сёньня, хто выратуе цябе заўтра?» Ніка ня ўтойвае: хадзіла на маршы, удзельнічала ў пратэстах, калегі ведалі пра гэта.

У чэрвені 2021-га году анэстэзіёляг-рэаніматоляг 5-й лякарні Ніка Сяховіч даведалася, што ёй не працягваюць кантракт.

Лекарка лічыць, што яе звальненьне наўпрост зьвязана з актыўнай грамадзянскай пазыцыяй. Прычыны ёй ніхто не тлумачыў, але ня раз казалі: «Ну вы ж самі ўсё разумееце».

«Галоўны доктар са мною наогул не кантактаваў у прынцыпе, асабліва пасьля кастрычніка 2020-га. Тады ён прыходзіў да нас у аддзяленьне, шукаў сымболіку, праводзіў ператрус, іншымі словамі. Я зьняла гэта на відэа і распаўсюдзіла ў сацыяльных сетках», — кажа дзяўчына.

На фоне кадравага голаду і недахопу лекараў звальняюць шмат спэцыялістаў, кажа Ніка, многім не працягваюць кантракты.

«Аднойчы на сходзе ў галоўнага доктара спыталі, ці не баіцца ён, што няма каму будзе працаваць. На што ён адказаў: «Нічога страшнага, з 1-га жніўня прыйдуць новыя людзі». Новыя людзі — гэта інтэрны. Калі калектыў складаецца цалкам з людзей, якія ня маюць практыкі, ім ніхто не дапаможа і не навучыць», — дзеліцца лекарка.

У «даковідныя часы» заробак лекаркі складаў 800 рублёў, расказвае дзяўчына. З «ковіднымі даплатамі» — звыш 4000 рублёў, але заўжды яна напрацоўвала больш, чым на стаўку.

«Калі б я атрымлівала так заўжды, гэта было б выдатна. Аднак далей на стаўку я атрымлівала б свае 800 рублёў»,- падсумоўвае лекарка.

25 чэрвеня да Нікі прыйшлі па месцы прапіскі і месцы фактычнага пражываньня.

«Доўга званілі ў дзьверы, хвілін дзесяць, потым званіць перасталі, і я выйшла з дому», — расказвае Ніка.

Пасьля яна перасякла мяжу на надзіманай маторнай лодцы зь мінімумам рэчаў.

Цяпер Ніка Сяховіч жыве ва Ўроцлаве ў Польшчы. Яна плянуе працягваць працу ў мэдыцыне, але пакуль вывучае мову і асвойваецца ў новай краіне.

Ніка Сяховіч і Мікіта ва Ўроцлаве
Ніка Сяховіч і Мікіта ва Ўроцлаве

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG