Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве памёр перакладчык беларускай паэзіі, паэт-шасьцідзясятнік Ігар Шклярэўскі


Ігар Шклярэўскі і Рыгор Барадулін у Маскве, 1960-я
Ігар Шклярэўскі і Рыгор Барадулін у Маскве, 1960-я

Памёр паэт-шасьцідзясятнік, нараджэнец Бялынічаў Ігар Шклярэўскі. Яму было 83 гады. Пра гэта паведаміў Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

Ігар Шклярэўскі пасьля заканчэньня ў 1965 годзе Літаратурнага інстытуту імя Горкага застаўся на сталае месца жыхарства ў Маскве. Быў чальцом рэдкалегіі часопіса «Юность», грамадзкай рады «Литературной газеты». Некаторыя ягоныя творы прызнаваліся «ідэйна заганнымі», здымаліся з друку ці доўга чакалі свайго часу.

Пераклаў на расейскую мову вялікую колькасьць беларускіх паэтаў. У гэтым шэрагу Мікола Гусоўскі, Янка Купала, Максім Танк, Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін, Пімен Панчанка, Аляксей Пысін, Генадзь Бураўкін ды іншыя.

Нізку вершаў самога Ігара Шклярэўскага на беларускую пераклаў паэт Міхась Скобла.

«Мне здаецца, што цяпер у нас натуральная, нармальная сытуацыя, калі існуюць дзьве розныя дзяржавы. Беларусь сёньня сама вызначае сваю палітыку і сваё месцазнаходжаньне. І хоць тут няма нейкіх срэбных ці залатых радовішчаў, але тут столькі душэўнага золата! Беларусь вякамі намывала „залацінкі дабрыні“, як сказаў Рыгор Барадулін. Жыцьцё само ўсё вызначыць. Жыцьцё — як рака, якая цячэ і ня проста так кружляе. Яна кружляе, каб цячы далей, а каб цячы далей, яна часам паварочвае, выбірае сабе рэчышча. Так і ў жыцьці краіны адбываецца», — так казаў пра сваю радзіму творца ў інтэрвію Свабодзе.


Ігар Шклярэўскі нарадзіўся 25 чэрвеня 1938 года ў Бялынічах на Магілёўшчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Бялыніцкую сярэднюю школу, паступіў у Магілёўскі пэдагагічны інстытут, але вучобу кінуў.

Працаваў ліцейнікам на заводзе «Строммашина», каморнікам на казахстанскай цаліне, матросам рыбалоўнага траўлера на Ціхім акіяне, журналістам раённай газэты ў Прыморскім краі. Затым вярнуўся дадому, уладкаваўся ў газэту «Зорка».

У 1962 годзе выйшаў першы зборнік вершаў Ігара Шклярэўскага «Я иду», праз два гады — кніга «Лодка».

Па накірунку Саюзу пісьменьнікаў Беларусі паступіў у Літаратурны інстытут імя Горкага і застаўся ў Маскве. Выдаў складанкі вершаў, напісаныя па-расейску: «Фортуна», «Воля», «Ревность», «Похолодание», «Дозорная ветка», «Тайник», «Брат», «Неназванная сила», «Гость», «Слушаю небо и землю», «Красная книга», «Глазы воды», «Мне всё понятней облака».

У 2018 годзе ў Бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў» выйшла ягоная кніга выбранага «Ожерелье сушёных грибов».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG