Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заявіў дэмарш афіцыйнаму Менску аб незаконных пераходах мяжы з боку Беларусі


Беларуска-польская мяжа, ілюстрацыйнае фота
Беларуска-польская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу заявіла дэмарш Міністэрству замежных спраў Беларусі ў сувязі зь незаконнымі перасячэньнямі мяжы з боку Беларусі.

Эўрапейская служба вонкавых дзеяньняў сьцьвярджае, што назіранае 50-разовае павелічэньне нерэгулярных пераходаў мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу не зьяўляецца адлюстраваньнем няздольнасьці ўладаў Беларусі выконваць свае абавязаньні ў барацьбе зь незаконнай міграцыяй.

Сьцьвярджаецца, што для такога рэзкага росту колькасьці нелегальных пераходаў мяжы на разгляданым маршруце няма аб’ектыўных прычынаў. Эўразьвяз асуджае выкарыстаньне мігрантаў у палітычных мэтах і настойліва заклікае афіцыйны Менск спыніць такую практыку.

«Нерэгулярная міграцыя ня можа быць прадметам торгу. Ад кастрычніка 2020 году, калі Рада Эўразьвязу прыняла заключэньне пра сытуацыю ў Беларусі, улады гэтай краіны цалкам у курсе як паступовага падыходу Эўразьвязу да прымяненьня санкцый, так і таго, што трэба зрабіць, каб зьняць абмежавальныя захады і нармалізаваць адносіны», — гаворыцца ў адмысловай заяве на сайце прадстаўніцтва Эўразьвязу.

Эўрапейскі Зьвяз па-ранейшаму гатовы істотна нарасьціць палітычнае ўзаемадзеяньне, галіновае супрацоўніцтва, а таксама фінансавую дапамогу Беларусі пры ўмове, што яе ўлады спыняць рэпрэсіі, забясьпечаць сур’ёзны інклюзіўны палітычны працэс, у выніку якога адбудуцца свабодныя і справядлівыя выбары пад наглядам БДІПЧ АБСЭ, а таксама гарантуюць захаваньне вяршэнства правоў чалавека.

Пазьней на заяву адрэагавала Міністэрства замежных спраў Беларусі. Прадстаўнік ведамства Анатоль Глаз, у прыватнасьці, заявіў, што «геапалітычна немагчыма ўплываць на выбар шляхоў і пунктаў прызначэньня міграцыі».

«Цікава гучыць сьцьвярджэньне аб адсутнасьці „аб’ектыўных прычын для росту колькасьці нелегальных пераходаў“. Мяркую, гэта яны маглі б расказаць грамадзянам краін-донараў, перш за ўсё ў актуальнай сытуацыі — Афганістану. Для Беларусі найважнейшай задачай застаецца належная абарона ўласных межаў. Мы давялі да эўрапейскага боку статыстычныя дадзеныя, якія адлюстроўваюць сыстэмныя намаганьні беларускіх памежнікаў на спыненьне каналаў незаконнай міграцыі. На жаль, аналягічных зьвестак, падмацаваных лічбамі, у адказ не пачулі».

МЗС Беларусі спасылаецца на тое, што менавіта Эўразьвяз у мінулым годзе першым спыніў супрацоўніцтва ў пытаньнях міграцыі і трансьмежавага супрацоўніцтва.

«Менавіта Эўразьвяз ад красавіка не адказвае на нашы прапановы аб правядзеньні кансультацый па праблематыцы міграцыі. Дык хто ж тады на самой справе палітызуе гэтыя пытаньні, раскідаючы ўльтыматумы, уводзячы санкцыі і абумоўліваючы палітычнымі патрабаваньнямі аднаўленьне паўнавартаснага дыялёгу? Адказ відавочны. Беларусь гатовая да канструктыўнага ўзаемадзеяньня ў згаданай праблеме. Мяжа для нас — заўсёды лінія супрацоўніцтва, а не рознагалосьсяў», — падсумаваў прадстаўнік МЗС Анатоль Глаз.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG