Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзянін БНР. Уладзімер Арлоў пра гісторыка Ўладзімера Ляхоўскага


Уладзімер Ляхоўскі. Архіўнае фота

Уладзімер Ляхоўскі быў патомным менчуком, але часам знаёмыя і калегі лічылі яго случаком: настолькі выдатна, да драбніц, ён ведаў гісторыю Слуцкага збройнага чыну.

Мы пазнаёміліся з Уладзімерам яшчэ ў мінулым стагодзьдзі, і гэта была шчасьлівая сустрэча, бо якраз тады я задумаў свой праект «Краіна Беларусь. Ілюстраваная гісторыя». Без кансультацый Ляхоўскага, безь ягонай калекцыі бясцэнных дакумэнтаў канца ХІХ — першай паловы ХХ ст., зьвязаных з нашым нацыянальным рухам, і ў «Краіне Беларусі», і ў «Вялікім Княстве Літоўскім» дакладна было б на дзясятак разгортаў меней. Пашпарты грамадзян Беларускай Народнай Рэспублікі, паперы яе вайскова-дыпляматычных місій, унікальныя фатаздымкі таго часу… Адзін зь іх адразу паўстае зараз уваччу: прысьвечаны першым угодкам абвяшчэньня незалежнасьці банкет у Горадні 25 сакавіка 1919-га са сьвяточным сталом, які, здаецца, працягнуўся ледзьве не да далягляду.

Ляхоўскі — спачатку супрацоўнік «Беларускай Энцыкляпэдыі», затым часопіса «Спадчына», акадэмічнага Інстытуту гісторыі, Нацыянальнага архіву — меў бездакорную рэпутацыю знаўца ня толькі Слуцкай вайны пад сьцягамі БНР супроць бальшавікоў, але і цэлага шэрагу ключавых зьяваў «свайго» пэрыяду. Пра што ён ні пісаў: пра дзейнасьць беларускіх моладзевых арганізацый стагодзьдзе таму (кніга «Ад гоманаўцаў да гайсакоў» атрымала прэмію Ф.Багушэвіча нашага ПЭНу) або Рыскую дамову 1921 году, пра дзеячоў нацыянальна-вызвольнага руху — ураджэнцаў Беласточчыны або самагубства Ўсевалада Ігнатоўскага, заўсёды здавалася, што Ляхоўскі быў сучасьнікам тых падзеяў. Нібыта ён учора сядзеў з Іванам Луцкевічам за кавай у віленскім «Чырвоным Штралі» ці сустрэў першага прэзыдэнта Акадэміі навук Ігнатоўскага ў Аляксандраўскім сквэры пасьля допыту ў ОГПУ.

За рэдкую эрудыцыю і нязьменную грамадзянскую пазыцыю Ўладзімера любілі ягоныя студэнты з факультэту міжнародных адносінаў БДУ. Веру, што яны ведаюць, якім чынам найлепей ушанаваць ягоную памяць.

Сто гадоў назад Ляхоўскі мог быць сярод айцоў БНР і правадыроў Слуцкага паўстаньня. Цяпер, калі ў кнігі надарыцца працяг, ён абавязкова стане героем маіх «Імёнаў Свабоды».

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG