Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Perseverance здабыў першы ўзор грунту з Марсу


Марсаход Perseverance (Упартасьць) на Марсе
Марсаход Perseverance (Упартасьць) на Марсе

Марсаход Perseverance (Упартасьць) з другой спробы здабыў узор грунту з унутранай часткі вялікага кавалку горнай пароды на Марсе

Пра гэта паведамляе Нацыянальнае ўпраўленьне ЗША па аэранаўтыцы і дасьледаваньні касьмічнай прасторы (NASA).

На фатаграфіі, зробленай 1 верасьня, відаць, што сьвідар марсаходу прасьвідраваў акуратную адтуліну, а адсутнасьць пылу вакол яго пацьвярджае, што ўзор не рассыпаўся, як гэта адбылося пры першай спробе сьвідраваньня 5 жніўня. Першыя выявы, перададзеныя на Зямлю, паказваюць, што непашкоджаны ўзор знаходзіцца ў рэзэрвуары Perseverance.

Аднак у NASA адзначаюць, што празь недастатковае асьвятленьне здымкі выйшлі невыразнымі. Для поўнай упэўненасьці ў посьпеху місіі спатрэбяцца новыя здымкі з больш якасным сьвятлом. Чакаецца, што новыя фатаграфіі ўзору будуць перададзеныя на Зямлю ў суботу, 4 верасьня.

На працягу году марсаход павінен сабраць больш за два дзясяткі ўзораў з унутраных частак розных горных пародаў. Узоры даставяць на Зямлю ў рамках сумесных місіяў NASA і Эўрапейскага касьмічнага агенцтва.

У красавіку гелікоптэр Ingenuity («Вынаходлівасьць»), які быў дастаўлены на Марс разам з марсаходам Perseverance, стаў першым апаратам з рухавіком, які ажыцьцявіў кіраваны палёт на іншай плянэце.

Perseverance зьдзейсьніў пасадку ў кратэры Эзэра на Марсе 19 лютага гэтага году. Мяркуецца, што некалі кратэр быў запоўнены вадой. Марсаход паспрабуе знайсьці на плянэце прыкметы існаваньня старажытных формаў жыцьця і зьбярэ ўзоры грунту, якія затым павінны быць дастаўленыя на Зямлю.

Perseverance адправіўся да Марсу ў ліпені летась. У рамках місіі «Марс-2020» прылада мае адпрацаваць на плянэце каля 700 зямных содняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG