Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фігурант «справы Аўтуховіча», інвалід 2-й групы Ўладзімер Гундар неўзабаве пачне знаёміцца з матэрыяламі справы «аб тэрарызьме»


Уладзімер Гундар, архіўнае фота
Уладзімер Гундар, архіўнае фота

61-гадовы зьняволены сказаў пра гэта жонцы на спатканьні ў берасьцейскім СІЗА.

«25-га жніўня было спатканьне ў Інгі (дачка Гундара. — РС), а 27-га ўжо ў мяне, — кажа жонка Ўладзімера Алена. — Адчувае ён сябе нармальна. Думала, што пасьля карцара будзе горш».

Адміністрацыя СІЗА неаднаразова карала Ўладзімера Гундара карцарам. Апошні раз з адзіночнай камэры ён выйшаў 20 жніўня, прабыўшы там каля 20 сутак.

«Таблеткі мужу даюць рэгулярна (Гундар — інвалід 2-й групы, некалькі гадоў таму перанёс складаную апэрацыю. Яму ампутавалі нагу, акрамя таго, ён мае гіпэртанію і судзіннае захворваньне. — РС). Ён не губляе аптымізму. Настроены, што вытрымае ўсё», — кажа Алена.

Баранавіцкі актывіст і краязнаўца Ўладзімер Гундар — адзін з 13 фігурантаў справы аб так званай «тэрарыстычнай групоўцы» Мікалая Аўтуховіча. 30 сьнежня яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэксу «Акт тэрарызму». Пры гэтым 20 траўня судзьдзя Сяргей Беразюк пакараў яго 3 гадамі зьняволеньня паводле іншага артыкула — 366 КК (Гвалт або пагроза ў адносінах да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, або іншай асобы, якая выконвае грамадзянскі абавязак).

Пасьля затрыманьня Гундар некалькі месяцаў правеў у СІЗА КДБ. Аднак на пачатку красавіка яго перавялі ў Берасьцейскае СІЗА № 7.

Уладзімер Гундар зь сям'ёй, архіўнае фота
Уладзімер Гундар зь сям'ёй, архіўнае фота

На апошнім спатканьні з жонкай Гундар расказаў, што ў хуткім часе яго могуць перавесьці назад у сталіцу. Менавіта там, па словах супрацоўнікаў КДБ, ён будзе знаёміцца з матэрыяламі справы па артыкуле аб «тэрарызьме».

«Цяпер стаіць пытаньне аб заканчэньні сьледзтва па гэтым артыкуле, — кажа Алена. — 20 жніўня, пасьля адбыцьця пакараньня ў карцары, яго вазілі на допыт. Там Валодзю сказалі [супрацоўнікі КДБ], што яго могуць этапаваць у любы момант. І ўжо ў Менску яму дадуць прачытаць усе тыя матэрыялы, якія яны назьбіралі».

Алена дадала, што з моманту, калі распачалі крымінальную справу па артыкуле 289 КК, па гэты дзень склад групы абвінавачаных, у дачыненьні да якіх вялося сьледзтва разам зь яе мужам, не зьмяніўся.

«Валодзю таксама казалі, што нібыта ва Ўкраіне нават дапытвалі людзей па гэтай справе, але гэта, вядома, хлусьня. Ніхто ім ня дасьць на гэта права», — дадала Алена.

Жанчына мяркуе, што суд над яе мужам будзе закрыты:

«Сумняваюся, што адбудзецца інакш у яго выпадку. Цяпер так усіх судзяць — Статкевіча, Калесьнікаву, таму...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG