Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як дабрачыннасьць стала апошнім беларускім паратункам


Валянтэры прывезьлі ваду ў менскі раён Новая Баравая, які застаўся без вады ў лістападзе 2020 году.

Можна доўга спрачацца, ці правільнымі былі стратэгіі супраціву ў 2020 годзе, але адно бясспрэчна — у гэтым супраціве мы па-новаму адкрылі для сябе дабрачыннасьць і валянтэрства. І гэта акурат тое, што шмат каму з нас дапамагло прайсьці празь пекла зь меншымі стратамі.

Я добра памятаю, як выйшла з Жодзінскага ізалятара пасьля першай адседкі. Сяброўка павезла мяне на Акрэсьціна паспрабаваць забраць рэчы, якія не перавезьлі са мной пры этапаваньні, і ў сквэрыку перад ізалятарам мяне сустрэў той самы валянтэрскі лягер. Напаілі сокамі, накармілі, патлумачылі, што і як рабіць. Калі мяне пачало літаральна трэсьці ад стрэсу, далі пачак цыгарэт.

У той дзень я так і не змагла забраць свае рэчы, і калі яшчэ некалькі разоў вярталася па іх і ў мяне ўжо здавалі нэрвы, мяне літаральна падхоплівалі псыхолягі. Калі я была ў лепшым стане, валянтэры прасілі ўжо мяне саму размаўляць з роднымі затрыманых і супакойваць іх, калі тыя панікавалі.

Калі мне патрэбная была сур’ёзная псыхалягічная дапамога, спэцыялістка аказвала яе на валянтэрскай аснове. Калі спатрэбілася дапамога мэдыкаў, у прыватным цэнтры мяне прынялі і абсьледавалі бясплатна. Знаёмыя і незнаёмыя людзі прапаноўвалі дапамагчы грашыма, вывезьці на прыроду, прывезьці ежу, аплаціць масаж і іншую рэабілітацыю. Пасьля другой адседкі і перад выездам зь Беларусі фінансава падтрымаў фонд Media Solidarity Belarus.

Здаецца, для беларусак і беларусаў займацца дабрачыннасьцю — гэта ўжо ня проста добры тон. У сытуацыі, калі тысячы і тысячы людзей аказваюцца ў глыбокім крызісе і, безумоўна, ім недаступная сацыяльная падтрымка дзяржаўных інстытуцый, менавіта дабрачыннасьць ратуе іх (нас) ад турмы, маргіналізацыі і нават сьмерці.

За апошні год мабілізаваліся ўсе магчымыя зьнешнія і ўнутраныя беларускія недзяржаўныя структуры. Мы дапамагалі адно аднаму праз фонд салідарнасьці BySol і кампанію ByHelp, фонды «Страна для жизни», Belarus Together Inc і іншыя. Беларуская дыяспара арганізавала праект #ineedhelpby, які дапамагае сем’ям пацярпелых ад рэпрэсій. Людзей бясплатна забясьпечваюць ежай на два тыдні, каб яны ня мусілі эканоміць на прадуктах. Праект AvocadoHelp дапамагае шукаць і аплачваць паслугі адвакатаў, гостэл Dream Hostel Kyiv дае беларусам зьніжку ў 10%, Цэнтар беларускай салідарнасьці комплексна дапамагае тым, хто пераехаў і зьбіраецца пераехаць у Польшчу.

Гэты сьпіс фондаў і ініцыятыў можна працягваць вельмі доўга, але, акрамя іх, ёсьць індывідуальныя зборы для канкрэтных людзей і сем’яў і рэгулярная дапамога дыяспар у розных краінах.

Калі я аказалася ў Рызе, беларуская дыяспара дапамагла і з часовым жытлом, і зь ежай, і з вопраткай. Пажыўшы нейкі час на новым месцы, мы самі пачынаем дапамагаць тым, хто пераяжджае цяпер. Бяз гэтай шырокай сеткі ўзаемападтрымкі і ўзаемадапамогі ўсім нам было б нашмат, нашмат складаней і фізычна, і фінансава, і маральна.

Я не магу і не хачу гаварыць за іншых, але мне самой нашмат прасьцей зьмірыцца зь нежаданымі зьменамі, калі я бачу, што іншыя людзі гатовыя падтрымаць і кажуць тым самым, што яны цэняць маю працу і што я «ішла на барыкады» не дарма.

Цяпер улады вельмі старанна спрабуюць здушыць тую дабрачыннасьць, да якой могуць дацягнуцца. Лічаць штрафы нясплачанымі, калі іх аплачвалі фонды, арыштоўваюць тых, хто арганізоўваў дабрачынныя і валянтэрскія ініцыятывы. Але шмат да каго яны дацягнуцца ня ў стане. А мы, як кажуць, партызанская нацыя і ўмеем блытаць сьляды.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG