Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня час паміраць». Выйшаў фінальны трэйлер новага Бонда


Дэніэл Крэйг у ролі Джэймса Бонда. Ілюстрацыйнае фота
Дэніэл Крэйг у ролі Джэймса Бонда. Ілюстрацыйнае фота

Выйшаў фінальны трэйлер новага фільму пра прыгоды Джэймса Бонда «Ня час паміраць». Пасьля рэлізу трэйлера фанаты і крытыкі мяркуюць, што гэтая сэрыя будзе для актора Дэніэла Крэйга, які грае галоўнага героя, апошняй.

Як паведамляе ВВС, па сюжэце ў новым фільме «Ня час паміраць» Бонд пакінуў актыўную службу і цешыцца спакойным жыцьцём на Ямайцы. Але такая асалода працягваецца нядоўга.

Яго стары сябар Фэлікс Лэйтэр з ЦРУ зьвяртаецца да агента 007 з просьбай дапамагчы. Місія па выратаваньні выкрадзенага вучонага аказваецца значна больш складанай, чым чакалася, і выводзіць Бонда на сьлед таямнічага злыдня, узброенага новай небясьпечнай тэхналёгіяй.

У трэйлеры ёсьць усё, што прыхільнікі Джэймса Бонда прывыклі бачыць у фільмах пра яго: сам герой, прыгожая жанчына, нават некалькі, злыдзень і від на Лёндан з вышыні птушынага палёту.


Назва фільма — «Ня час паміраць» — ужо стала прадметам шматлікіх саркастычных жартаў і мэмаў у інтэрнэце, бо рэліз новага Бонда быў прызначаны на 2020 год, год пандэміі каранавірусу, якая забрала мільёны жыцьцяў па ўсім сьвеце.

Выхад фільму некалькі разоў пераносілі, і вось, падобна, гэтым разам ён нарэшце пабачыць сьвет. У Вялікай Брытаніі афіцыйная прэм’ера ў кінатэатрах адбудзецца 30 верасьня 2021 году, у ЗША — 8 кастрычніка.

Фінальны трэйлер і дыялёгі ў ім прымусілі фанатаў выказаць здагадку, што «Ня час паміраць» стане апошняй сэрыяй для Джэймса Бонда ў выкананьні Дэніэла Крэйга.

Так, у трэйлеры ёсьць сцэна, калі Бонд разумее, што яго дзяўчына Мадлен Суон (Леа Сэйду) хавае ад яго жудасны сакрэт. Ён зьвяртаецца па дапамогу да свайго найвялікшага ворага Блофэлда (Крыстоф Вальц).

Блофэлд пытаецца ў яго: «Джэймс, лёс абʼядноўвае нас. Цяпер твой вораг — мой вораг. Як гэта здарылася?»

Бонд па-філязофску адказвае: «Ну, калі жывеш дастаткова доўга...».

Яшчэ адна фраза, за якую зачапіліся фанаты і кінакрытыкі, якія лічаць, што Джэймс Бонд у асобе Дэніэла Крэйга ў «Ня час паміраць» усё ж такі памрэ — гэта сам слоган 25-й часткі бандыяны.

«Кожная місія, кожная ахвяра прывялі яго да гэтага». Гэта падобна да разьвітаньня, лічаць прыхільнікі агента 007.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG