Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перадусім гандаль зброяй». Што прынесла Менску сяброўства ў Руху недалучэньня


Аляксандар Лукашэнка і кубінскі лідэр Рауль Кастра на XIV саміце Руху недалучэньня, Гавана, верасень 2006
Аляксандар Лукашэнка і кубінскі лідэр Рауль Кастра на XIV саміце Руху недалучэньня, Гавана, верасень 2006

Сёньня спаўняецца 60 гадоў Руху недалучэньня. Беларусь удзельнічае ў гэтай міжнароднай арганізацыі з 1998 году, а з 1993-га ўваходзіць у вайскова-палітычны блёк АДКБ. Чаму, нягледзячы на сяброўства ў АДКБ, Беларусь уваходзіць у Рух і што гэта ёй дае?

Пра гэта — у дасьледаваньні Свабоды.

Да моманту ўступленьня ў Рух недалучэньня, галоўным прынцыпам якога зьяўлялася недалучэньне да вайсковых блёкаў, Беларусь ужо пяць гадоў зьяўлялася чальцом АДКБ і мела на сваёй тэрыторыі вайсковыя аб’екты з расейскім камандаваньнем: занальны вузел сувязі ВМФ каля Вілейкі і радыётэхнічны вузел недалёка ад Баранавічаў, якія функцыянуюць на падставе міжурадавых пагадненьняў паміж РФ і Беларусьсю, падпісаных у 1995 годзе.

Навошта Беларусь далучылася да Руху — пры тым, што яна паралельна выстройвала адносіны, у тым ліку і вайсковыя, з Расеяй? Пра гэта апавядае Юры Кажура, беларускі дыплямат, які быў у складзе дэлегацыі, што падпісвала дакумэнты аб уступленьні Беларусі ў Рух недалучэньня ў 1998 годзе. Кажура ўжо 14 гадоў жыве ў Стакгольме, куды ён пераехаў, вырашыўшы пакінуць дыпляматычную службу.

«Сэнс існаваньня руху сёньня мінімальны»

— Рух недалучэньня ствараўся ў кантэксьце халоднай вайны, супрацьстаяньня ЗША і СССР. І асноўная ідэя была стварыць рух, у якім будуць удзельнічаць краіны, якія не ўваходзяць ні ў сацыялістычны блёк, ні адкрытыя саюзьнікі NATO. Гэта пазаблёкавая арганізацыя.

Ля яе вытокаў стаяла Югаславія, бо Ціта хацеў весьці самастойную лінію, накіраваную на тое, каб адысьці ад залежнасьці ад СССР. Уся сутнасьць арганізацыі — стварыць блёк краін, якія не зьяўляюцца ўдзельніцамі ніякіх іншых блёкаў, і абʼяднаць іх. Гэта было зроблена, і рух меў вагу на міжнароднай арэне, ён гучаў.

Пасьля, з прычыны эканамічнай і вайсковай моцы краінаў, якія ўваходзяць у блёкавыя арганізацыі, гэтая ідэя аказалася нежыцьцяздольнай. Усе харызматычныя лідэры накшталт Ціта, Кастра, Насэра, Гандзі адышлі, і значнасьць Руху ўвесь час зьніжалася. Цяпер сэнс існаваньня гэтага руху, калі і ёсьць, то ён мінімальны.

«Беларусь далучылася да Руху з адчаю»

— Беларусь узяла ўдзел у 12-м саміце Руху ў Дурбане (ПАР), тады туды прыяжджала дэлегацыя беларускага МЗС на чале зь міністрам замежных справаў Іванам Антонавічам. Я быў тады пры падпісаньні дамовы і бачыў, што рашэньне Беларусі далучыцца да Руху было крокам адчаю. У тыя гады, пасьля 1996-га, ад нас адвярнуліся ўсе ключавыя эўрапейскія краіны, як і цяпер, былі сурʼёзныя санкцыі — пасьля таго, як Лукашэнка разагнаў беларускі парлямэнт і значна ўмацаваў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Беларусь апынулася ў ізаляцыі. 1996 і 1997 гады былі напоўненыя спробамі гэтую ізаляцыю аслабіць, знайсьці пункты судакрананьня і нейкім чынам наладзіць дыялёг з Эўропай.

Іван Антановіч
Іван Антановіч

Вельмі хутка стала зразумела, што будучыні ў гэтага дыялёгу няма, што гэта дыялёг глухога зь нямым. Эўрапейцы сядалі за стол і зачытвалі свае пункты. А беларускія прадстаўнікі зачытвалі свае. Ніхто адзін аднаго ня чуў. У 1997 годзе прыйшоў новы міністар замежных справаў Іван Антановіч. Антановіч быў чалавекам глыбока партыйным, капээсэсаўскай школы, у свой час працаваў у ЦК, займаў ідэалягічныя пасты. Галоўная яго задача была — знайсьці альтэрнатыву эўрапейскай ізаляцыі. Вонкава гэта выглядала прывабна і атрымала падтрымку, таму што іншых альтэрнатыў асабліва і не было.

«Амбіцыі Менску ніхто ўсур’ёз не прымаў»

Нягледзячы на тое, што Беларусь прынялі, усе ключавыя краіны Руху недалучэньня, такія як Эгіпет і Індыя, за кулісамі казалі, што Беларусь знаходзіцца ў саюзе з Расеяй, а гэта ўжо вельмі магутная супярэчнасьць. Калі я працаваў у беларускім прадстаўніцтве пры ААН у Нью-Ёрку, мне давялося шмат разоў браць удзел у нефармальных сустрэчах Руху, і я чуў, як гэта ўвесь час абмяркоўвалася.

Я нефармальна меў зносіны з дэлегатамі ключавых краін Руху недалучэньня з Паўднёвай Афрыкі, Індыі, Эгіпту, Пакістану. Магу сказаць, што ў кулюарах нам, беларусам, адразу давалі зразумець, што амбіцыі Менску ўзмацніць эўрапейскі вэктар праз Рух ніхто ўсурʼёз не ўспрымае. Усе выдатна разумелі, што Беларусь зьяўляецца саюзнай дзяржавай з Расеяй з усімі наступствамі.

Напэўна, на тое, што яе ўсё ж прынялі, неяк паўплывала дваістая прырода гэтай саюзнай дамовы, бо Беларусь усё ж такі была сувэрэннай дзяржавай. Адным з важных тэстаў быў момант, калі ад Беларусі трэба было вылучаць кандыдатуру ў нясталыя чальцы Рады Бясьпекі ААН. Усю кампанію мы праводзілі ў Нью-Ёрку, і Рух абсалютна ніяк ня выступіў у нашую падтрымку. Беларусь набрала ўсяго 53 галасы. Баўгарыю выбралі тады на двухгадовы тэрмін у нясталыя сябры, нас пракацілі.

Выгоды: дапамога ў продажы зброі

— Актывізаваліся нашы кантакты з краінамі Афрыкі, Азіі і Блізкага Ўсходу. У канчатковым выніку гэта дапамагло Лукашэнку прасоўваць продаж зброі, атрымліваць даходы ад нафтапрадуктаў. Але перш за ўсё гэта зброя, вядома. Гэтыя кантракты па-ранейшаму існуюць. Яны зьяўляюцца адной з важкіх крыніцаў выжываньня рэжыму Лукашэнкі, разам з падтрымкай Расеі. Даходы, якія ён у чорных капэртах выплачвае сваім міністрам, гэта ўсё вынік продажу зброі афрыканскім і блізкаўсходнім краінам.

Стаўленьне Масквы

— У 1998 годзе Масква зь цяжкасьцю разьбіралася са сваімі ўнутранымі справамі і замежнапалітычнымі выклікамі. Ёй асабліва не да гэтага было. І потым Маскву заўсёды задавальнялі заявы на прыёмах, што Беларусь будзе верная братэрскаму сяброўству. Прыкладна гэтак жа, як цяпер. Лукашэнка працягвае прысягаць Расеі ў вернасьці, але прызнаць Крым або Абхазію — гэта не. І фармальна Беларусь застаецца чальцом Руху недалучэньня, але ўсе гэтыя пасяджэньні ўжо ня маюць ніякай практычнай вагі. Рух ня мае ўласнага бюджэту, органаў, саміты аплачваюцца проста бокам, які прымае.

«Рух недалучэньня не пляцоўка для нэўтральных дзяржаваў»

Пра тое, ці варта Беларусі наогул займацца пытаньнямі сяброўства ў пазаблёкавых арганізацыях ва ўмовах унутрыпалітычнага крызісу, гаворыць дырэктар Інстытуту «Палітычныя сфэра» Андрэй Казакевіч:

— Такіх міжнародных пляцовак можна зь дзясятак налічыць, і свае задачы ў наладжваньні кантактаў яны выконваюць. Сурʼёзных посьпехаў за ўвесь час сяброўства Беларусі ў Руху недалучэньня мы ня ведаем. Тэарэтычна гэты канал можна выкарыстоўваць, пытаньне, ці могуць гэта зрабіць беларускія ўлады. У Руху недалучэньня вельмі шмат краінаў, якія ўваходзяць у іншыя альянсы, так што там няма жорсткіх крытэраў адбору.

Азэрбайджан таксама ўступіў у Рух недалучэньня, хоць мае вельмі шчыльныя адносіны з Турэччынай, якія таксама можна кваліфікаваць як вайсковы саюз. Таму Рух недалучэньня не пляцоўка для нэўтральных дзяржаваў, а толькі для дзяржаваў, якія як бы да гэтага імкнуцца.

«Арганізацыя згубілася ў гісторыі пасьля халоднай вайны»

На пытаньне, ці мае пэрспэктывы Рух недалучэньня, адказвае Яўген Прэйгерман, заснавальнік і дырэктар Рады па міжнародных адносінах «Менскі дыялёг»:

— Надаваць вялікае значэньне Руху недалучэньня цяпер складана. І, уласна, агульны досьвед Беларусі пра гэта і сьведчыць. Проста ў 1998 годзе паўсталі чаканьні, што гэты рух дапаможа ў эканамічным сэнсе. Калі вы зьвернеце ўвагу на некаторыя ініцыятывы Беларусі і заявы Лукашэнкі на самітах Руху, менавіта на гэтым працягваюць рабіць акцэнт. Але... ніякіх супэрвынікаў тут не атрымалася.

Гэта ня значыць, што ўсе гэтыя намаганьні ня мелі карысьці. Гэта ня значыць, што і цяпер Беларусь ня мае ніякай вагі ў гэтай арганізацыі. За апошнія гады Беларусь змагла стаць удзельніцай нейкіх новых міжнародных рэгіянальных арганізацый або падвысіць там свой статус. Гэта ўсё важна, але ставіць на шалі адносіны з Расеяй і магчымасьці таго ж Руху недалучэньня не даводзіцца. Гэта ўсё ж такі арганізацыя, якая згубілася ў гісторыі пасьля халоднай вайны. Цяпер цалкам магчыма, што на хвалі абвастрэньня супрацьстаяньня Кітаю і ЗША гэтая арганізацыя можа ўздыхнуць па-новаму, але пакуль рана пра гэта гаварыць, — мяркуе Яўген Прэйгерман.

  • Рух недалучэньня паўстаў у 1961 годзе, паводле колькасьці краінаў-удзельніц (120) ён саступае толькі ААН.
  • На момант уступленьня ў Рух у 1998 Беларусь была адзінай эўрапейскай краінай-удзельніцай і доўгі час ёю і заставалася. Апошнія «эўрапейцы» — Кіпр і Мальта — пакінулі арганізацыю адразу пасьля ўступленьня ў ЭЗ. Пазьней, у 2003 годзе, у рух уступіў Азэрбайджан, старшыняваньне якога заканчваецца сёлета.
  • Ініцыятарамі стварэньня Руху 60 гадоў таму сталі прэзыдэнт Югаславіі Іосіп Броз Ціта, прэзыдэнт Эгіпту Гамаль Абдэль Насэр і прэмʼер-міністар Індыі Джавахарлал Нэру. Спачатку Рух абʼяднаў 25 дзяржаў, асноўным прынцыпам яго было абавязковае адасабленьне ад вайсковых блёкаў. Рух ствараўся як абʼяднаўчая плятформа для краінаў з розным палітычным ладам.
Прэзыдэнт Югаславіі Ёсіп Броз Тыта, прэзыдэнт Эгіпту Гамаль Абдэль Насэр і прэм'ер-міністар Індыі Джавахарлал Нэру на саміце Руху недалучэньня ў 1956 годзе
Прэзыдэнт Югаславіі Ёсіп Броз Тыта, прэзыдэнт Эгіпту Гамаль Абдэль Насэр і прэм'ер-міністар Індыі Джавахарлал Нэру на саміце Руху недалучэньня ў 1956 годзе
  • Гісторык Яўген Матонін так апісваў першыя пасяджэньні чальцоў Руху ў сваёй кнізе «Ёсіп Броз Ціта»: «Побач з камуністамі засядалі тыя, хто іх з асалодай катаваў і забіваў, побач з каралямі і шэйхамі — сапраўдныя людажэры. Некаторыя ўдзельнікі руху адчувалі адзін да аднаго агіду ледзь не на фізычным узроўні».
  • У краінах Руху сёньня пражывае каля 55% насельніцтва плянэты, дзяржавы-ўдзельніцы ў сукупнасьці валодаюць 75% сусьветных нафтавых і больш як паловай газавых запасаў. Больш за ўсё ў руху цяпер афрыканскіх краін — 53. А таксама 37 азіяцкіх, 26 амэрыканскіх і 3 акіянічныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG