За мінулыя суткі польскія памежнікі не пусьцілі ў краіну 74 чалавекі, якія намагаліся парушыць дзяржаўную мяжу з боку Беларусі. Затрымалі траіх — двух грамадзян Польшчы і аднаго Ўзбэкістану, яны падазраюцца ў спрыяньні нелегальнай міграцыі.
Уся група з 13 чалавек, затрыманых раней за зьнішчэньне агароджы з калючага дроту, знаходзіцца цяпер пад паліцэйскім арыштам. Як паведаміў прэс-сакратар паліцыі Падляскага ваяводзтва Польшчы Томаш Крупа для Radio Białystok, у гэты момант паліцыя афармляе дакумэнты, у якіх сабраныя доказы віны арыштаваных.
Хутчэй за ўсё, супраць 13 чалавек, затрыманых напярэдадні на мяжы зь Беларусьсю з польскага боку, пачнуць крымінальныя справы за «зьнішчэньне маёмасьці».
Акрамя таго, асобныя заявы супраць парушальнікаў зьбіраецца падаць у суд Памежная варта. 12 грамадзян Польшчы і грамадзянін Нідэрляндаў могуць атрымаць, такім чынам, абвінавачаньні ва ўваходзе ў памежную зону ў недазволеным месцы. За гэта ім пагражае штраф у памеры да 5 тысяч злотых.
Раней Польшча заявіла, што ўзьвядзе на мяжы зь Беларусьсю плот вышынёй 2,5 мэтра, каб бараніцца ад мігрантаў, якіх афіцыйны Менск дастаўляе наўмысна. Варшава, як і кіраўніцтва краінаў Балтыі, вінаваціць Лукашэнку ў гібрыднай атацы з дапамогай мігрантаў.
Латвія і Літва заканадаўча пашырылі паўнамоцтвы вайскоўцаў пры ахове дзяржаўнай мяжы, у Літве, акрамя таго, заявілі пра пабудову плоту. Неўзабаве гэтую ідэю ўзяла на ўзбраеньне і Польшча. У Латвіі тым часам павялічылі турэмны тэрмін за незаконны пераход дзяржаўнай мяжы.
У апошнія тыдні суседнія зь Беларусьсю краіны спрабуюць не затрымліваць мігрантаў, якія хочуць парушыць дзяржаўную мяжу, а проста адпраўляюць іх назад у Беларусь. Афіцыйны Менск вінаваціць Вільню, Варшаву і Рыгу ў кепскім абыходжаньні зь мігрантамі і парушэньні міжнародных законаў, а суседнія краіны заяўляюць, што мігранты зьяўляюцца толькі зброяй у руках Лукашэнкі, якой ён хоча дамагчыся сваіх палітычных мэтаў.