Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна яшчэ на тры гады падоўжыла абмежаваньні паставак прадукцыі з трох хімзаводаў Беларусі


Гродна Азот
Гродна Азот

Міжведамасная камісія міжнароднага гандлю Ўкраіны абвясьціла аб падаўжэньні яшчэ на тры гады абмежаваньняў на пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «Гродна Азоце»

Адпаведныя абмежаваньні былі ўведзеныя з 1 верасьня 2018 году, а сёлета іх мусілі перагледзець.

У той жа час камісія, абапіраючыся на інтарэсы ўкраінскіх спажыўцоў, істотна павялічыла ўведзеныя раней квоты. З 1 верасьня 2021 году аб’ём квоты складзе 55 427 тон (раней было 30 769 тон), на другім этапе 63 741 тона (раней было 32 307 тон) і на трэцім — 73 302 тон (было 33 923 тоны).

Пастаўкі ўгнаеньняў не абмяжуюць

Апроч таго, камісія адмовілася праводзіць антыдэмпінгавае расьследаваньне ў дачыненьні да паставак зь Беларусі калійнай прадукцыі. На гэтым настойвалі ўкраінскія вытворцы аналягічнай прадукцыі.

У прыватнасьці, сёлета ў красавіку Акруговы адміністрацыйны суд Кіева абавязаў Міжведамасную камісію Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўхваліць рашэньне аб антыдэмпінгавых мерах у дачыненьні да ўгнаеньняў беларускай вытворчасьці.

Тады ж суд прызнаў незаконным спыненьне летась у ліпені адпаведнага антыдэмпінгавага расьсьледаваньня. з адпаведнай позвай у суд зьвярнулася прыватнае акцыянэрнае таварыства «Азот», якое належыць украінскаму алігарху Дзьмітрыю Фірташу.

Цяпер Міжведамасная камісія не пацьвердзіла наяўнасьць фактаў «дыскрымінацыйных або непрыязных дзеяньняў з боку Беларусі» для таго, каб абмежаваць пастаўкі беларускай калійнай прадукцыі ва Ўкраіну.

Якая прадукцыя зь Беларусі знаходзіцца ў цэнтры расьсьледаваньняў

У лютым 2021 году Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абвясьціла аб пачатку антыдэмпінгавага расьсьледаваньня аб пастаўках ва Ўкраіну драўнянастружкавых плітаў зь Беларусі і Расеі.

Сёлета ў красавіку Міжведамсная камісія паведаміла аб пачатку яшчэ двух антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў аб пастаўках беларускай прадукцыі ва Ўкраіну — вырабаў з асфальту і крухмалу з бульбы. Паводле ўкраінскіх вытворцаў аналягічнай прадукцыі, якія і зьвярнуліся са скаргамі, беларускія кампаніі пастаўляюць гэтую прадукцыю па дэмпінгавых цэнах і ў вялікіх аб’ёмах.

У лістападзе 2020 году Ўкраіна пачала антыдэмпінгавае расьсьледаваньне паставак цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі і Расеі, якія ў замежнаэканамічнай дзейнасьці кваліфікуюцца кодам ех 6806 10 00 00: шклавата, мінэральная сылікатная вата і аналягічныя віды мінэральнай ваты, за выключэньнем іх сумесяў.

Што ўжо знаходзіцца пад абмежаваньнямі ва Ўкраіне

З 26 сакавіка 2020 году набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону памерам 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі. У траўні 2020 году Ўкраіна абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам памерам 21,32%.

1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).

У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкерам і портляндцэмэнту мытам у памеры 57,03%.

Кампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавага збору, але мусіць прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязкаў

Абмежаваньні ёсьць, але пакуль ня дзейнічаюць

Сёлета ў красавіку Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўхваліла рашэньне аб увядзеньні 35-адсоткавага мыта на пастаўку грузавога, спэцыяльнага і пасажырскага транспарту зь Беларусі ў адказ на «дыскрымінацыйныя меры ўраду Беларусі». Але Акруговы адміністрацыйны суд Кіева на пазоў украінскага прадпрыемства з замежнымі інвэстыцыямі «Гандлёвы дом „МАЗ-Украіна“» спыніў дзеяньне гэтага рашэньня, а само мыта ня будзе спаганяцца да канчатковага рашэньня суду па выніках разгляду справы. Разгляд справы ў судзе яшчэ не завяршыўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG