Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ланцуг падзей, які прывёў да гібелі Шутава, запусьціў сам Лукашэнка? Кібэрпартызаны апублікавалі новы запіс


Беларускія кібэрпартызаны працягваюць публікаваць запісы гутарак па ўнутранай сувязі МУС, атрыманыя, як яны сьцьвярджаюць, пасьля ўзлому засакрэчаных сэрвэраў.

У чарговым роліку, апублікаваным 28 жніўня, гучаць галасы, як сьцьвярджаюць кібэрпартызаны, намесьніка начальніка УУС Берасьцейскага аблвыканкаму Аляксандра Кісяля і першага намесьніка начальніка УУС Менаблвыканкаму Віталя Казлова.

Размова, якая, паводле кібэрпартызанаў, адбывалася днём 11 жніўня, перасыпаная нецэнзурнай лексыкай.

Гаварыў пераважна АК. Ён расказаў пра разгон пратэстаў на Берасьцейшчыне. Пра тое, што затрымалі 520 чалавек, якія з учорашняга дня стаяць «на локцях і каленях» у спартовай залі вайсковай часткі і «плачуць». Ён сказаў, што чым больш пратэстоўцаў зьвернуцца ў шпіталь, тым лепш. «Таму лупілі там усіх, як катоў».

Паводле АК, камандзіру спэцапэрацый Дзенісенку ў кабінэт званіў прэзыдэнт: «Ну, каманда там вельмі жорсткая была яму». Таксама, паводле АК, Дзенісенка атрымаў паўнамоцтвы залучаць да задушэньня пратэстаў войскі.

Пра тое, што камандзір войскаў Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка аддаў загад выкарыстаць узброеных вайскоўцаў падчас пратэстаў, стала вядома ў лютым з зачытаных на судзе паказаньняў сьведкі Лабковіча, маёра часткі № 89417.

З паказаньняў вынікала, што ў Берасьці 11 жніўня ў падпарадкаваньні камандзіраў АМАПу было каля 20 вайсковых спэцназаўцаў. Яны былі падзеленыя на групы па 5-6 чалавек і дзейнічалі ў горадзе ў цывільным. Усе былі з агнястрэльнай зброяй.

У выніку вечарам 11 жніўня вайсковец Раман Гаўрылаў цяжка параніў у галаву 43-гадовага берасьцейца Генадзя Шутава, які 19 жніўня памёр ад раны ў вайсковым шпіталі.

Раней кібэрпартызаны апублікавалі аўдыё тэлефонных размоваў, якія меркавана адбываліся паміж прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Эйсмант, камандзірам сталічнага АМАПу Дзьмітрыем Балабам і адзінаборцам Дзьмітрыем Шакутам. У другім запісе, як сьцьвярджалі кідэрпартызаны, намесьнік начальніка міліцыі грамадзкай бясьпекі УУС Менаблвыканкаму Мікалай Максімовіч раіў іншаму неназванаму службоўцу лупцаваць усіх, ні на што не зважаючы. У трэцім высокапастаўленыя сілавікі расказвалі адзін аднаму гісторыі з разгону пратэстоўцаў, якія ім здаваліся сьмешнымі.

Ананімная група «Кібэрпартызаны» зьявілася летась у жніўні. Яна пачынала зь бяскрыўднай замены выяваў на афіцыйных сайтах і публікацыі сьпісаў сілавікоў. Цяпер яны ўзломваюць дзяржаўныя сэрвэры, атрымліваючы доступ да службовай і сакрэтнай інфармацыі.

Адразу пасьля зьяўленьня «кібэрпартызаны» абвясьцілі, што падтрымліваюць пратэстоўцаў у краіне, і агучылі тры свае задачы: шукаць інфармацыю пра сілавікоў, чыноўнікаў і іх злачынствы, паказваць «гнілую» сутнасьць рэжыму, і, нарэшце, каб Лукашэнка пакінуў Беларусь.

Сёлета прыканцы ліпеня «кібэрпартызаны» анансавалі шматузроўневую спэцапэрацыю «Жара». Яны ўзламалі шэраг базаў дадзеных МУС, атрымалі доступ да базаў «АІС пашпарт», службы 102 (экстраныя званкі ў міліцыю), упраўленьня ўласнай бясьпекі МУС, ДАІ і сэрвэру зь відэазапісамі дронаў МУС.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG