Адказнасьць за выбухі ўзяла на сябе групоўка «Ісламская дзяржава».
Як паведамляюць амэрыканскія СМІ са спасылкай на афіцыйныя крыніцы, загінулі 11 марскіх пехацінцаў ЗША і адзін вайсковы мэдык.
Першы выбух адбыўся ў натоўпе ўцекачоў ля аднаго з уездаў у аэрапорт, другі — побач зь першым, каля гатэлю «Барон», адкуль амэрыканскія вайскоўцы перавозяць людзей у аэрапорт.
Як паведамляюць сусьветныя агенцтвы са спасылкай на амэрыканскіх вайскоўцаў і мясцовыя крыніцы, першую бомбу падарваў сьмяротнік.
Пасьля выбуху, паводле відавочцаў, хаўрусьнік сьмяротніка адкрыў страляніну па людзях.
«Талібан» неўзабаве пасьля першага выбуху абвясьціў аб 13 ахвярах, але карэспандэнт Афганскай службы ВВС перадае, што іх можа быць значна больш: на відэа і фота ў сацсетках, па яго словах, шмат целаў.
Агенцтва TOLO News паведамляе спасылкай на прадстаўніка «Талібану» Захібулу Муджахіда, што пры першым выбуху паранена сама меней 52 чалавекі. Кабульскі шпіталь, куды дастаўляюць параненых, паведамляе, што туды прывезьлі 60 чалавек.
Заходнія краіны, якія займаюцца эвакуацыяй сваіх грамадзянаў і афганцаў, якія супрацоўнічалі зь імі, праз кабульскі аэрапорт, увесь дзень у чацьвер папярэджвалі аб вельмі сур’ёзнай пагрозе тэракту і настойліва раілі людзям не прыяжджаць да аэрапорту.