Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У першым паўгодзьдзі Эўразьвяз павялічыў аб’ёмы паставак беларускіх нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Як сьведчаць дадзеныя Эўрастату аб імпарце нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў зь Беларусі, закупкі гэтай прадукцыі ў студзені–чэрвені вырасьлі.

Згодна з эўрапейскай статыстыкай, на якую спасылаецца Reform.by, за першыя 6 месяцаў Беларусь паставіла ў Эўразьвяз паўмільёна тон нафтапрадуктаў, што на 37,8% больш, чым за такі ж пэрыяд летась. У цэнавым вымярэньні пастаўкі павялічыліся на 65%, да 214 млн эўра.

Але калі ў студзені–траўні штомесяц пастаўлялася ад 75 да 150 тысяч тон нафтапрадуктаў, дык у чэрвені на фоне чарговага пакету сэктаральных санкцый адгрузілі толькі 30 тысяч тон. Паводле Эўрастату, найбуйнейшымі імпартэрамі нафтапрадуктаў былі Польшча (амаль 200 тысяч тон) і Гішпанія (каля 150 тысяч тон).

Імпарт у Эўразьвяз калійных угнаеньняў павялічыўся на 20% да 464 тысяч тон на суму звыш 100 млн даляраў. У чэрвені правалу ў пастаўках не назіралася — было адгружана блізу 90 тысяч тон. Найбуйнейшымі пакупнікамі сталі Бэльгія (150 тысяч тон) і Польшча (134 тысячы тон).

Пастаўкі азотных угнаеньняў за паўгода склалі 126 тысяч тон на суму каля 25 млн даляраў. У чэрвені адбылося рэзкае скарачэньне аб’ёмаў — усяго 1 тысячу тон. Для параўнаньня, у студзені эўрапейскі імпарт угнаеньняў склаў 60 тысяч тон. Больш за ўсё беларускіх угнаеньняў у першым паўгодзьдзі закупіла Францыя — 70 тысяч тон.

Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі ў ліпені скараціў дэталізацыю статыстыкі замежнага гандлю, перастаўшы публікаваць зьвесткі пра экспарт і імпарт пяці разьдзелаў таварнай намэнклятуры, у тым ліку па нафтапрадуктах і мінэральных угнаеньнях.

24 чэрвеня Эўразьвяз увёў сэктаральныя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Сярод іншага яны закранулі асноўныя крыніцы прытоку валюту ў краіну: нафтапрадукты і калійныя ўгнаеньні.

Але неўзабаве стала зразумела, што адразу ад гэтых таварых пазыцый на Захадзе не адмовяцца. Паводле ўдакладненьняў, санкцыі ня дзейнічаюць адносна дамоваў, падпісаных да 25 чэрвеня 2021 году. То бок калі кантракт быў заключаны на год за дзень да ўвядзеньня санкцый, ён будзе працаваць да моманту свайго заканчэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG