Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі абвясьцілі ў вышук Сяргея Кароткіх, датычнага да «Беларускага дома ва Ўкраіне». Ён кажа, што ўсе абвінавачаньні — фэйк


Сяргей Кароткіх. Пятро Парашэнка ўручае яму грамадзянства. Архіўнае фота.
Сяргей Кароткіх. Пятро Парашэнка ўручае яму грамадзянства. Архіўнае фота.

Басманны раённы суд Масквы неўзабаве разгледзіць пытаньне аб завочным арышце Сяргея Кароткіх, вядомага ў Беларусі сваім удзелам у беларускім аддзяленьні арганізацыі РНЕ (Расейскае нацыянальнае адзінства),

а пазьней — ва ўкраінскім добраахвотніцкім батальёне «Азоў», створаным у 2014 годзе для абароны тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны.

У 2014 годзе Сяргей Кароткіх атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Апошнім часам ягонае імя зноў зьявілася ў інфармацыйнай прасторы ў сувязі з датычнасьцю да грамадзкай арганізацыі «Беларускі дом ва Ўкраіне», фармальнага кіраўніка якога Віталя Шышова 3 жніўня знайшлі павешаным у лесапаркавай зоне на ўскраіне Кіева.

Як адзначаецца ў апублікаванай картцы справы, Сяргею Кароткіх інкрымінуюць ч. 2, пп. а, ж, л артыкулу 105 Крымінальнага кодэксу Расеі (забойства дзьвюх або больш асобаў, учыненае групай паводле папярэдняй змовы або арганізаванай групай, з матываў палітычнай, ідэалягічнай, расавай, нацыянальнай або рэлігійнай нянавісьці ў дачыненьні да якой-небудзь сацыяльнай групы).

Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу Расеі, суд можа разглядаць пытаньне аб арышце падазраванага толькі ў ягонай прысутнасьці. У той жа час расейскае заканадаўства дазваляе завочна ўхваляць рашэньне аб узяцьці пад варту ў выпадку абвяшчэньня падазраванага ў міжнародны ці міждзяржаўны вышук. Дата разгляду гэтага пытаньня пакуль невядомая.

Сяргей Кароткіх назваў гэтую інфармацыю «арыгінальным спосабам» віншаваньня з Днём Незалежнасьці Ўкраіны.

«Я зноў ў вышуку і зноў не ў Тэхасе... Думаю, пакуль рана тлумачыць, што любое незалежнае агенцтва расьсьледаваньняў усе гэтыя фэйкі раскрые „на раз“», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале і параіў расейцам пачытаць гісторыю ўкраінскага народу, бо яны «дагэтуль не разумеюць, з кім сутыкнуліся».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG