Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адкрые амбасаду ў Зымбабвэ. Ганаровага консула гэтай краіны затрымлівалі праз падазрэньне ў гандлі зброяй


Сьцяг Зымбабвэ
Сьцяг Зымбабвэ

У Нацыянальным рэестры прававых актаў зарэгістраваная пастанова Савету міністраў «Аб адкрыцьці амбасады Беларусі ў Зымбабвэ». Да таго амбасадарам у гэтай краіне па сумяшчальніцтве быў кіраўнік беларускай дыпмісіі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.

У красавіку Аляксандар Лукашэнка сабраў нараду, на якой абмяркоўвалася аптымізацыя беларускіх замежных установаў, нагадвае Reform.by. Па выніках міністар замежных спраў Уладзімер Макей паведаміў, што Беларусь закрые амбасады ў краінах, дзе іхная праца ня мела эканамічнай аддачы. Аднак будуць адчыняцца новыя дыпмісіі, дзе ёсьць пэрспэктывы росту.

З таго часу спынілі дзейнасьць амбасады ў Канадзе, Эквадоры і консульскае аддзяленьне ў расейскім Хабараўску, але было заяўлена аб плянах прысутнасьці ў Мумбаі (Індыя), Хашыміне (Віетнам), Ганконгу (Кітай), Харарэ (Зымбабвэ).

Як падае́ афіцыйная прапаганда, супрацоўніцтва з Зымбабвэ разьвіваецца «імклівымі тэмпамі», хоць лічбы статыстыкі пра гэта ня сьведчаць. Паводле зьвестак Белстату, двухбаковы таваразварот за першае паўгодзьдзе вырас на 67,2% да 15,3 млн даляраў (экспарт зь Беларусі крыху перавысіў 10 млн, імпарт у межах 5 млн).

Летась у афрыканскай краіне пачаў працаваць сэрвісны цэнтар абслугоўваньня беларускай тэхнікі, найперш трактароў і камбайнаў. Дэкляравана, што спэцыялісты зь Беларусі ўзьвядуць сонечную электрастанцыю, а яшчэ раней прэзыдэнцкі дарадца Віктар Шэйман казаў, што ўрад Зымбабвэ выдзеліць 10 тысяч гектараў для культывацыі манга. Таксама зымбабвійская прэса паведамляла аб стварэньні сумеснага прадпрыемства ў вырошчваньні пшаніцы, соевых, кукурузы, перапрацоўкі мяса і малака.

Плюс да ўсяго ня так даўно Зымбабвэ фігуравала ў крымінальнай хроніцы з прывязкай да Беларусі. 19 сакавіка ў аэрапорце Лумумбашы, аднаго з найбуйнейшых гарадоў Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, арыштавалі зьвязанага з Аляксандрам Лукашэнкам бізнэсоўца Аляксандра Зінгмана — ганаровага консула Зымбабвэ ў Беларусі. Ён займаўся пастаўкамі сельскагаспадарчай і прамысловай тэхнікі ў Афрыку. Афрыканскія СМІ зьвязвалі яго з гандлем зброяй.

Мясцовыя выданьні паведамлялі са спасылкай на крыніцы ў кіраўніцтве ДРК, што бізнэсовец сустракаўся з былым прэзыдэнтам Жозэфам Кабілам. Але калі Зінгмана пасьля арышту дапыталі, ён так і ня змог растлумачыць мэты візыту.

Раней Зінгман згадваўся ў афрыканскіх СМІ ў сувязі з угодамі са зброяй у Зымбабвэ і Замбіі. Таксама мэдыя пісалі пра яго сувязі з расейскай абароннай прамысловасьцю, публікаваліся здымкі перамоваў у Маскве з удзелам прадстаўнікоў сілавога блёку афрыканскіх дзяржаваў і расейскага дзяржэкспартэра зброі. Сам Зінгман назваў абвінавачаньні яго ў датычнасьці да гандлю зброяй «лухтой».

Аляксандр Зінгман зьяўляецца ганаровым консулам Зымбабвэ ў Беларусі з пачатку 2019 году. Ён шчыльна зьвязаны з ужо экс-кіраўніком справамі прэзыдэнта Віктарам Шэйманам, якому, нягледзячы на адстаўку, Лукашэнка даручыў «дачысьціць хвасты» у пытаньнях экспарту ў Афрыку.

Паволе СМІ, Зінгман ўдзельнічаў у сустрэчах Шэймана падчас яго візытаў у Зымбабвэ і прысутнічаў пры візытах прэзыдэнта гэтай краіны Эмэрсана Мгангагвы ў Менск.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG