Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранцкі крызіс. Ніводнага парушэньня мяжы ў Латвіі, менш за 10 у Літве. Польшча падвойвае вайсковы кантынгент


Мігранты на беларуска-польскай мяжы
Мігранты на беларуска-польскай мяжы

У Літве на беларускай мяжы за суткі разьвярнулі да 10 нелегальных мігрантаў.

Пра гэта паведаміў партал Delfi, з спасылкай на Службу аховы дзяржаўнай мяжы. Усе спробы парушэньня мяжы адбыліся ў Ігналінскім раёне.

Напярэдадні ўрад Літвы вырашыў пабудаваць плот на мяжы зь Беларусьсю —

  • вышынёй сама меней 3 мэтры,
  • даўжынёй 508 км,
  • коштам 152 мільёны эўра.

Празь міграцыйны крызіс з 2 ліпеня ў Літве абвешчаная экстрэмальная сытуацыя. Ад пачатку году беларуска-літоўскую мяжу па-за межамі пунктаў пропуску перасеклі больш за 4,1 тысячы чалавек (у 51 разоў больш, чым за ўвесь 2020-ы), — у асноўным грамадзяне Іраку.

У Латвіі ўжо трэці запар дзень не было спробаў незаконнага пераходу мяжы, паведаміла ў твітэры міністарка ўнутраных спраў Марыя Голубева.

Разам з тым у панядзелак на беларуска-латвійскай мяжы заставаліся каля 83 мігрантаў, у тым ліку 27 дзяцей, паведаміў парталу Delfi прадстаўнік асацыяцыі «Я хачу дапамагчы ўцекачам» Эгілс Грасманіс.

Улады Польшчы напярэдадні вырашылі адгарадзіцца ад Беларусі плотам вышынёй 2,5 мэтра. Пра гэта паведаміў у твітэры міністар абароны краіны Марыюш Блашчак.

Ён заявіў, што колькасьць польскіх жаўнераў, якія дапамагаюць памежнікам ахоўваць мяжу, павялічыцца да дзьвюх тысяч.

Міністар абароны Польшчы вырашыў узнагародзіць вайскоўцаў, якія ахоўваюць мяжу ў ваколіцах вёскі Горны Уснар на Падляшшы. «Дзякуй за службу і за захаваньне прафэсіяналізму нават у самых складаных сытуацыях», — напісаў Марыюш Блашчак.

Каля Горнага Уснару паміж шыхтамі польскіх і беларускіх вайскоўцаў знаходзяцца 24 уцекачы, паведаміла польская памежная служба.

Польшча адправіла да мяжы гуманітарны канвой з намётамі, коўдрамі і раскладнымі ложкамі. Яе перададуць, калі будзе згода беларускіх уладаў. Паводле польскага боку, уцекачы знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі.

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў памежным канфлікце на мяжы зь Беларусьсю, а таксама ў парушэньні дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG