Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы: Народ Беларусі заслужыў права выбіраць лідэра краіны


Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Прэзыдэнт Літвы Ґітанас Наўседа будзе ўдзельнічаць у саміце «Крымская плятформа» 23 жніўня 2021, прымеркаванага да 30-годзьдзя незалежнасьці Ўкраіны. Напярэдадні візыту ва Ўкраіну прэзыдэнт Літвы даў эксклюзіўнае інтэрвію ўкраінскай Свабодзе.

Прэзыдэнт, у прыватнасьці, адзначыў, што «існуе вялікая патрэба ў тым, каб пастаянна трымаць пытаньне анэксіі Крыму на міжнародным парадку дня». Паводле яго праект «Паўночны паток-2» робіць Эўрапейскі Зьвяз яшчэ больш залежным ад расейскага газу. Наўседа лічыць, што эканамічныя санкцыі ўплываюць на расейскую эканоміку, акрамя таго, санкцыі могуць зьмяніць паводзіны і Расеі, і Беларусі.

Важным пытаньнем для Літвы, лічыць Наўседа, ёсьць «гібрыдная атака» рэжыму Лукашэнкі і незаконная міграцыя.

— Фізычная мяжа зь Беларусьсю. Так, гэта прыярытэт нумар адзін у маёй краіне, і мы ўжо прынялі ўсе неабходныя папраўкі да закону, каб лібэралізаваць і паскорыць працэс выпрацоўкі адзінай стратэгіі. І ў гэтым пляне мы таксама разьлічваем на падтрымку Эўразьвязу. Працэс запушчаны і, спадзяюся, на працягу году нам удасца зачыніць гэты прабел, закрыць мяжу. Гэта ня значыць, што цяпер мы нічога ня робім і чакаем, што калісьці там будзе мяжа паміж нашымі краінамі. Нашы прадстаўнікі і інстытуты ўжо зараз гатовыя рэагаваць на правакацыі і інцыдэнты на мяжы. І ў нас гэта нядрэнна атрымоўваецца.

— Гісторыі Рамана Пратасевіча і Крысціны Ціманоўскай шакавалі ўвесь сьвет. Ці лічыце вы Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам?

— Адразу пасьля выбараў у жніўні 2020-га мы былі сярод першых, хто заявіў аб тым, што выбары не былі празрыстымі, што вынікі гэтых выбараў нелегітымныя. Таму я думаю, што цяпер гэта ня толькі пазыцыя Літвы, але таксама і пазыцыя Эўразьвязу, і гэта вельмі важна адзначыць.

На жаль, мы ня можам прызнаць прэзыдэнта Беларусі абраным на сумленных і празрыстых выбарах. На жаль, гэта было ня так. Пасьля гэтага мы бачылі шмат інцыдэнтаў, прыкладаў парушэньня правоў чалавека, палітычных зьняволеньняў. Я думаю, што гэтыя прыклады дэманструюць адсутнасьць жаданьня супрацоўнічаць з заходняй супольнасьцю для вырашэньня гэтай складанай сытуацыі. А рашэньне тут можа быць толькі адно: мы маем арганізаваць новыя свабодныя выбары.

Народ Беларусі заслужыў права выбіраць наступнага лідэра краіны, і для нас гэта галоўнае і самае важнае пытаньне. Усё роўна, ці будзе гэты лідэр геапалітычна арыентаваны на той ці іншы рэгіён, тую ці іншую краіну. Самае важнае, каб гэта быў свабодны выбар беларускага народу.

Цалкам інтэрвію чытаць ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG