Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Літвы пра міграцыйны крызіс: «Не сумняваюся, што яшчэ будуць намаганьні працягваць заварваць кашу»


Гітанас Наўседа
Гітанас Наўседа

Гітанас Наўседа на сустрэчы зь літоўскімі памежнікамі сказаў, што не сумняецца ў тым, што Лукашэнка паспрабуе спрыяць наплыву мігрантаў у Літву.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа сустрэўся ў Мікунаі Віленскага раёну зь літоўскімі памежнікамі. На сустрэчы ён заявіў, што бачыць значны прагрэс ва ўрэгуляваньні мігранцкага крызісу, але пакуль яго нельга лічыць пераадоленым, паведамляе bns.lt.

«Давайце вызначым вельмі дакладныя прыярытэты — нацыянальная бясьпека, ахова мяжы, унутраны мір. Гэта найважнейшыя пытаньні, якія мы сёньня павінны вырашаць, і дзяржава прыкладзе ўсе намаганьні. Я ўжо бачу сапраўды добры прагрэс у гэтай галіне», — сказаў Наўседа.

Аднак прагрэс — гэта яшчэ не пераадоленьне крызісу.

«Я не сумняюся, што будуць прыкладацца намаганьні для таго, каб яшчэ больш ускладніць сытуацыю, працягваць заварваць кашу, якую пачалі заварваць некалькі месяцаў таму, але мы дамо сабе рады, і рэжым павінен гэта добра разумець», — сказаў прэзыдэнт Літвы, маючы на ўвазе афіцыйны Менск і яго спробы дэстабілізаваць сытуацыю ў ягонай дзяржаве.

Наўседа падзякаваў ахоўнікам дзяржаўнай мяжы за нясеньне службы і эфэктыўныя захады па супрацьдзеяньні нелегальнай міграцыі.

У гэты момант літоўскія службы вядуць пошук сямі ўцекачоў, якіх затрымалі за незаконнае перасячэньне мяжы, а тыя зьбеглі з намётавага лягеру.

За 7 месяцаў і адзін тыдзень 2021 году ў Літве затрымалі ў 50 разоў болей мігрантаў, чым летась за ўвесь год. Афіцыйныя асобы Літвы абвінавацілі ў арганізацыі наплыву мігрантаў Лукашэнку і яго атачэньне. На пачатку жніўня літоўскія памежныя службы пачалі выконваць загад, разварочваючы групы мігрантаў назад у Беларусь, але беларускія памежнікі непрыязна ставяцца да тых, хто ідзе назад. У выніку цэлыя групы мігрантаў праводзяць доўгія гадзіны на нэўтральнай паласе.

У гэтыя ж дні павялічыўся прыток мігрантаў у Латвію. Улады гэтай краіны плянуюць па прыкладзе суседняй Літвы ўвесьці надзвычайнае становішча ў памежных зь Беларусьсю раёнах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG