Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як БПЦ замест Бога служыць Лукашэнку


Аляксандар Лукашэнка і мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веніямін у менскім храме Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа 7 студзеня 2021

Царква ў Беларусі (асабліва праваслаўная) заўжды была цесна пераплецена зь дзяржавай, але з пачаткам падаўленьня пратэстаў у 2020 годзе зьмяніўся характар іх узаемадзеяньня. Калі раней царква магла ўплываць на законы і ўвогуле мела рэальную ўладу, цяпер яна пераўтварылася ў служку нават не дзяржавы, а асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

Раней як было? Царква прасоўвала забарону абортаў, і дзяржава падпарадкоўвалася — ускладняла жанчынам доступ да мэдычнай дапамогі. Царква была супраць закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, і гэта паспрыяла таму, што закон усё ж не прынялі. Сьвятароў, як і высокапастаўленых чыноўнікаў, пускалі ў рэанімацыі, хоць родным людзей, якіх там ратавалі, маглі забараняць наведваньні. Сьвятары былі элітай, якая мела рэальны ўплыў на дзяржаўную палітыку і грамадзтва ў цэлым.

Але што мы бачым цяпер? Сьвятары ператварыліся ў служак Лукашэнкі. Яны больш не дыктуюць, якія прымаць законы і як увогуле зьмяняць краіну. Цяпер яны падпарадкоўваюцца жаданьням выключна аднаго чалавека. І гэтага чалавека завуць не Ісус.

Як і сьвецкіх людзей, сьвятароў перасьледавалі за пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў і за асуджэньне дзяржаўнага гвалту. Ды што там шараговыя сьвятары — нават галаву БПЦ мітрапаліта Паўла замянілі на больш надзейнага функцыянэра, які не асуджае гвалт і катаваньні. А па словах архіяпіскапа Арцемія, сьвятарам забаранілі нават маліцца за зьняволеных.

І вось цяпер новы крок — у школы прыйдуць сьвятары, і яны там будуць, як кажа протаярэй Фёдар Поўны, не прапаведаваць, а ачалавечваць. «Радуюся таму, што школы зноў будуць выхоўваць асобаў. Гэта адзін з засвоеных урокаў жніўня 2020», — кажа сьвятар.

Лепш бы яны прапаведавалі.

Толькі ўявіце — людзі, якія нібыта служаць Богу і мусяць адназначна выступаць супраць гвалту і катаваньняў, лічаць, што ачалавечваць пасьля мінулага жніўня трэба звычайных шкаляроў. У краіне, дзе пратэстоўцы пасьля году дзяржаўнага тэрору так і не перайшлі да ўзброенага супраціву, дзе катам падставілі абедзьве шчакі і ўвогуле ўсе свае целы, царква зьбіраецца вучыць, што трэба быць яшчэ лагаднейшымі.

На фоне таго, што ў краіне больш за 600 чалавек, афіцыйна прызнаных палітзьняволенымі, і сярод іх ёсьць і непаўналетнія, і людзі з інваліднасьцю, і шматдзетныя бацькі, сьвятарам бы абвяшчаць масавыя малебны за бязьвінна зьняволеных і за пакутнікаў.

І калі ім і варта хадзіць некуды з урокамі ачалавечваньня, дык у міліцэйскія і вайсковыя вучэльні, у МУС, на Акрэсьціна і «Валадарку», у сьледчыя камітэты і падатковыя інспэкцыі. Да тых, хто выбівае дзьверы ў кватэрах журналістаў, прыходзячы з вобшукам а сёмай раніцы. Да тых, хто крадзе пры гэтых вобшуках грошы. Хто хлусіць родным затрыманых, што ня ведае, дзе яны. Хто адмаўляе зьняволеным у мэдычнай дапамозе і робіць так, каб дзеці аказваліся ў дзіцячых дамах.

Вось каго трэба спрабаваць ачалавечваць, хоць і ня варта асабліва спадзявацца на посьпех. А перад звычайнымі дзецьмі ў звычайных школах сьвятарам трэба доўга і са сьлязьмі выбачацца. Царква нічога не зрабіла для таго, каб гвалту ў Беларусі стала меней. Тое, што дзеці цяпер вымушаны жыць ва ўмовах дзяржаўнага тэрору — гэта і яе віна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG