Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ўзьвядзе 500-кілямэтровую загароду ад Беларусі, а Эўразьвяз гатовы да новых санкцыяў за «мігранцкі крызіс»


Узьвядзеньне загароды з калючага дроту на літоўска-беларускай мяжы
Узьвядзеньне загароды з калючага дроту на літоўска-беларускай мяжы

Эўразьвяз гатовы ўвесьці новыя санкцыі супраць беларускага рэжыму, калі сытуацыя ў краіне працягне пагаршацца.

Пра гэта польскаму агенцтву PAP заявіў афіцыйны прадстаўнік Эўракамісіі Пэтэр Стана, адзначыўшы, што Эўразьвяз падтрымае сяброў зьвязу, якія пацярпелі ад дзеяньняў афіцыйнага Менску.

«У выпадку неабходнасьці Эўразьвяз працягне падтрымліваць дзяржавы, якія пацярпелі ад рэжыму Лукашэнкі. Інструмэнтальнае абыходжаньне зь мігрантамі ў палітычных мэтах, якое мы назіралі апошнія тыдні, паказвае, што беларускія ўлады ня ведаюць межаў у выкарыстаньні пакутаў людзей. Гэта яшчэ адзін прыклад нахабнай пагарды асноўнымі правамі, чалавечай годнасьцю і міжнароднымі абавязаньнямі», — заявіў прадстаўнік Эўракамісіі.

У той жа час у Эўропе прызналі эфэктыўнымі меры супраціву незаконнай міграцыі — разварочваньне плыні ў той бок, адкуль яна ідзе. Гаворка найперш пра Беларусь.

Так, паводле памежнай службы Латвіі, за апошнія суткі толькі адзін чалавек спрабаваў «штурмаваць» мяжу, тады як ад 10 жніўня такіх спробаў зафіксавана блізу паўтысячы.

У сваю чаргу Літва не адмаўляецца ад плянаў скончыць узьвядзеньне загароды на ўсёй працягласьці мяжы зь Беларусьсю — напярэдадні мясцовыя памежнікі спынілі і разьвярнулі 30 мігрантаў.

Праект ацэнены ў 152 мільёны эўра, «сьцяна» з калючага дроту будзе мець вышыню да чатырох мэтраў і расьцягнецца на 500 кілямэтраў. Канчатковы тэрмін акрэсьлены верасьнем 2022 году.

Польскія вайскоўцы таксама ставяць агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю. Ужо зроблена каля 100 км, напярэдадні пачалося абсталяваньне чарговага 50-кілямэтровага ўчастку, напісаў у Twitter міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак.

20 жніўня Памежная служба Польшчы паведаміла, што дапамагла 12 мігрантам, якія пасьля перасячэньня мяжы ў Белавескай пушчы захрасьлі ў балоце.

Польскія мэдыкі аказваюць дапамогу мігрантам
Польскія мэдыкі аказваюць дапамогу мігрантам

Сярод іх параненая жанчына, чалавек са зламанай нагой і аднагадовае дзіця. Усяго 11 грамадзян Іраку і 1 грамадзянін Эгіпту. Усе яны накіраваныя ў закрыты цэнтар для ўцекачоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG