Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 3 да 4 гадоў, як прасілі пракуроры. Выракі шостай партыі абвінавачаных у «берасьцейскіх беспарадках»


Пратэсты ў Берасьці 10 жніўня 2020 году
Пратэсты ў Берасьці 10 жніўня 2020 году

20 жніўня ў Маскоўскім судзе Берасьця агучылі прысуд шостай групе абвінавачаных ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» пасьля выбараў.

Судзьдзя Іна Клышпач прызнала ўсіх падсудных вінаватымі і вынесла наступныя выракі:

  • Артуру Аміраву — 3 гады і 6 месяцаў пазбаўленьня волі.
  • Андрэю Кандрасюку — 4 гады пазбаўленьня волі.
  • Уладзімеру Кобрынцу — 4 гады пазбаўленьня волі.
  • Мікалаю Малюту — 3 гады пазбаўленьня волі​.
  • Раману Паўленку — 3 гады пазбаўленьня волі​.
  • Вадзіму Чапялевічу — 3 гады пазбаўленьня волі.

17 жніўня такія ж самыя тэрміны для абвінавачаных запрасілі прадстаўнікі дзяржаўнага абвінавачаньня Дар'я Жук і Вадзім Багатка.

Гэта шостая па ліку партыя абвінавачаных. У рамках крымінальнай справы ўжо асуджаныя 30 чалавек, уключна зь непаўналетнімі. Пакаралі фігурантаў зь першай, другой і чацьвёртай групаў (трэцюю і пятую яшчэ судзяць): падлеткам — па 3 гады выхаваўчай калёніі, дарослым — да 5 гадоў турмы.

Абвінавачваньне сьцьвярджае, што падсудныя 10 жніўня 2020 году падчас масавага мерапрыемства ў цэнтры Берасьця — на вуліцах Савецкай і Нафтавай, бульварах Шаўчэнкі і Касманаўтаў, праспэкце Машэрава — нібыта груба парушылі грамадзкі парадак, рабілі пагромы і чынілі гвалт над супрацоўнікамі праваахоўных органаў, наўмысна пашкодзілі транспартныя сродкі ды іншую маёмасьць.

У выніку беспарадкаў, паводле вэрсіі сьледзтва, пацярпелі больш за 20 сілавікоў. Агульную суму нанесенай шкоды дзяржорганы ацанілі на 24 тысячы рублёў (пашкоджана 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шаломы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, сьметніцы, дрэвы).

Каго ўжо пакаралі

10 сакавіка судзьдзя Вера Філонік асудзіла дзевяць чалавек на тэрміны ад 3 да 4,5 года калёніі. Непаўналетнія Сяргей Гацкевіч і Дзяніс Хазей атрымалі па 3 гады выхаваўчай калёніі.

21 траўня судзьдзя Андрэй Грушко прысудзіў яшчэ 13 фігурантам ад 3 гадоў выхаваўчай калёніі да 5 гадоў турмы. Сярод абвінавачаных была і дзяўчына асуджанага Дзяніса Хазея 18-гадовая Віталія Бандарэнка. Яе пакаралі 4 гадамі калёніі агульнага рэжыму.


28 траўня пачаўся суд над трэцяй групай абвінавачаных. 12 жніўня судзьдзя Сьвятаслаў Каліна прысудзіў 10 фігурантам справы, сярод якіх быў непаўналетні Максім Шатохін, ад 3 да 4,5 года пазбаўленьня волі.

Чацьвёртую групу пакаралі 12 ліпеня. Судзьдзя Ленінскага раёну Дзьмітры Шурын прысудзіў 8 абвінавачаным да 4,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Суд над пятай групай фігурантаў (19 чалавек) праходзіць з 9 жніўня. Праваабарончы цэнтар «Вясна», спасылаючыся на сваякоў падсудных, паведаміў, што ў гэтай групе судзяць таксама хлопцаў з папярэдніх партыяў, справы якіх раней вылучылі ў асобнае вядзеньне з прычыны іх хваробаў.

У рамках крымінальнай справы аб «масавых беспарадках» у Берасьці на гэты момант агулам асудзілі ўжо 46 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG