Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежнікі Літвы і Латвіі за 17 жніўня не пусьцілі агулам амаль 150 мігрантаў з боку Беларусі


Літоўскія памежнікі разгортваюць калючы дрот на мяжы зь Беларусьсю, жнівень 2021

Міграцыйны крызіс на беларускім памежжы з Латвіяй і Літвой трывае, нягледзячы на зьмены ў заканадаўстве дзьвюх балтыйскіх дзяржаў.

За мінулы дзень літоўскія памежнікі вярнулі ў Беларусь амаль 100 асобаў, якія спрабавалі незаконна перасячы мяжу, нікога зь мігрантаў не прапусьцілі ў Літву, паведаміла ў сераду Служба аховы дзяржаўнай мяжы, на якую спасылаецца Delfi.lt.

За дзень памежнікі спынілі некалькі групаў мігрантаў адразу ў пяці памежных раёнах Літвы. Памежнікі паведамілі, што працягваюць фіксаваць спробы трапіць у Літву ў розных месцах з боку адных і тых жа людзей.

Акрамя таго, літоўскія памежнікі заявілі, што ў аўторак 12 беларускіх сілавікоў у рыштунку для задушэньня беспарадкаў у так званай Дзявеніцкай пятлі ў Салечніцкім раёне выштурхнулі групу з 35 мігрантаў у Літву і самі нелегальна перайшлі дзяржаўную мяжу. Міністарка ўнутраных спраў Агне Білатайце назвала гэта правакацыяй і загадала ўзмацніць ахову мяжы.

У Латвіі 17 жніўня прадстаўнікі Дзяржаўнай памежнай аховы прадухілілі незаконнае перасячэньне мяжы 46 чалавекамі з боку Беларусі. Агульная колькасьць мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у Латвію, вырасла да 463 чалавек.

Шасьці мігрантам з гуманітарных меркаваньняў дазволілі перасячы дзяржаўную мяжу Латвіі. Агулам сёлета мяжу незаконна перайшлі 362 грамадзяніны трэціх краін.

Улады Латвіі яшчэ 10 жніўня абвясьцілі рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю ў сувязі з наплывам мігрантаў. Гэты дакумэнт дазваляе памежнікам выкарыстоўваць фізычную сілу і спэцыяльныя сродкі, каб вяртаць у Беларусь людзей, якія незаконна перайшлі мяжу. Памежнікам дапамагаюць вайскоўцы і паліцыя. Адпаведны дакумэнт таксама прыняла і Літва.

17 жніўня ўрад Латвіі падтрымаў папраўкі да закону, паводле якіх незаконнае перасячэньне дзяржаўнай мяжы прызнаецца цяжкім злачынствам. Пакараньне паводле гэтага артыкулу павялічыцца з 2 да 4 гадоў пазбаўленьня волі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG