Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыя, армія — усе разьбегліся». Афганскі палітык расказаў, што адбываецца ў Кабуле пасьля прыходу талібаў


Талібы ў пакінутым прэзыдэнцкім палацы. Кабул
Талібы ў пакінутым прэзыдэнцкім палацы. Кабул

Як афганцы рэагуюць на вяртаньне талібаў? Свабода пагутарыла з тамтэйшым палітыкам, у мінулым віцэ-сьпікерам парлямэнту, намесьнікам старшыні партыі нацыянальнага адзінства Афганістану «Пайванд-Е-Мільлі» (Hezb-e-Paiwand Mili) Абдулам Зухурам Размджо.

Другое прышэсьце «Талібану»

Абдул Зухур Размджо — колішні член Палітбюро ЦК кіроўнай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістану (НДПА), першы сакратар Кабульскага гаркаму партыі. У канцы 1990-х вучыўся ў асьпірантуры Беларускай політэхнічнай акадэміі.

Цяпер жыве зь сям’ёй у спальным раёне на ўскрайку Кабулу. Запэўнівае, што зьяжджаць не зьбіраецца, хоць пэрспэктывы суіснаваньня з новай уладай няпэўныя. Ад гэтага тысячы людзей штурмуюць аэрапорты і памежныя пераходы, намагаючыся перачакаць невядомасьць у іншых краінах.

«Пакуль што абстаноўка ў горадзе збольшага спакойная — зрэшты, паглядзім, як будзе далей. Талібы прыйшлі, гэта ўжо факт. Але прынамсі скончыўся час трывожнага чаканьня, бо ўсё роўна было справай часу. Супраціву ім фактычна не аказвалася. Не скажу, што ўсё добра, але выяжджаць ня думаем, прынамсі на гэты момант такіх плянаў ня маем. Хоць ведаю, што ў аэрапортах, на вакзалах вялізная колькасьць тых, хто не рызыкуе заставацца пад талібамі».

Абдул Зухур Размджо падчас партыйнай кар'еры, пачатак 1980-х
Абдул Зухур Размджо падчас партыйнай кар'еры, пачатак 1980-х

Суразмоўца дзеліцца першымі ўражаньнямі ад талібаў: не такія жорсткія, як іхныя папярэднікі ў пачатку нулявых. І хоць законы шарыяту выглядаюць непазьбежнасьцю, прынамсі можна спадзявацца, што ня дойдзе да вялікага кровапраліцьця.

«Так, тады яны паводзілі сябе нашмат больш жорстка, быў сапраўдны тэрор з улікам адаптаваных мэтадаў муджагедаў, „Аль-Кайды“ і г. д. Але такое адчуваньне, што набраліся пэўнага досьведу і разумеюць: калі хочаш мець хоць нейкую падтрымку грамадзтва, нельга абапірацца толькі на сілу. Хоць, паўтаруся, нічога толкам невядома, можа пасьля рэжым будзе размаўляць з намі зусім па-іншаму».

Пакуль што прыход «Талібану» не прывёў да прагназаванага грамадзкага паралічу: у сталіцы працуюць банкі, крамы, рэдакцыі, транспарт. Адзінае, можна чакаць рэзкага росту захворваньняў на каранавірус — талібы ў гэтым сэнсе перакананыя «ковідныя дысыдэнты».

«У адпаведнасьці з ісьлямскімі перакананьнямі, калі чалавек захварэе і памрэ, ён тым самым набліжаецца да статусу шагіда і трапляе ў рай. Таму талібы не выконваюць ніякіх ахоўных захадаў, а з нас толькі пасьмейваюцца — дурні якія, маскі нацягнулі. Маўляў, вера ў Бога мацнейшая і толькі Ён вырашае твой лёс, а не мэдыцына. Таму цяжка ўявіць, як будзе ісьці вакцынацыя, бо Кітай, краіны Захаду паставілі больш за мільён дозаў, а цяпер ня выключана, што ўсё аб’явяць па-за законам».

З гледзішча бясьпекі сытуацыя і ў Кабуле, і ў правінцыях збольшага прымальная, кажа Абдул Зухур Размджо. Адчуваньне, што новы рэжым сам зацікаўлены прыйсьці да ўлады з найменшымі людзкімі стратамі. Хоць факты гвалту ўсё ж фіксуюцца, асабліва калі ёсьць супраціў на месцах.

Абдул Зухур Размджо, 2019 год
Абдул Зухур Размджо, 2019 год

«Талібы заклікаюць выходзіць на працу, абяцаюць плаціць заробкі — і мужчынам, і жанчынам. Толькі выконвайце ісьлям, насіце хіджаб. Праўда, адзін час у Кабуле былі прыкметы хаосу — калі прэзыдэнт Ашраф Гані пакінуў краіну, а талібы толькі падцягваліся да гораду. Паўдня не было ні ўлады, ні дзяржавы. Як вынік, народ кінуўся рабаваць банкі, крамы, установы. Бо міліцыя, армія — усе разьбегліся, ніхто і ня думаў адстрэльвацца да апошняга патрону. У выніку бліжэй да вечара 15 жніўня талібы ўзялі кантроль у свае рукі, паставілі пасты каля стратэгічных аб’ектаў і спынілі марадэраў».

Паводле палітыка, у дамах чыноўнікаў колішняй адміністрацыі адбываюцца ператрусы, але празьмернай жорсткасьці з боку талібаў не назіраецца. Ці дойдзе да мэтанакіраванай «зачысткі» апанэнтаў, пытаньне на гэты момант адкрытае.

«Усе чакаюць нейкай цырымоніі перадачы ўлады, каб зразумець, якой будзе палітыка на найбліжэйшую будучыню. Таму пакуль што людзі стараюцца адседзецца, прыгледзецца, што і як. Прынамсі, няма такога, каб кропкава перасьледавалі колішніх камуністаў ці тых, хто супрацоўнічаў з амэрыканцамі. Зразумела, будзе вельмі жорстка выконвацца рэжым шарыяту, а гэта ў любым выпадку пацягне наступствы — ня ўсе гатовыя зноў скаціцца ў сярэднявечча».

Таксама невядома, абмяжуюцца талібы толькі Афганістанам, або будуць намагацца ўсталяваць татальны кантроль над краінамі рэгіёну Цэнтральнай Азіі.

Байцы "Талібану"
Байцы "Талібану"

Гісторыя Абдула Зухура Размджо

Лёс самога Абдул Зухура Размджо — гэта наўпроставае адлюстраваньне драматычнай гісторыі Афганістану апошніх дзесяцігодзьдзяў. На момант уводу савецкіх войскаў ён толькі скончыў політэхнічны інстытут у Кабуле, атрымаў інжынэрную спэцыяльнасьць. Пры новай уладзе, падтрыманай Масквой, зрабіў партыйную кар’еру — у 30 гадоў стаў першым сакратаром Кабульскага гаркаму партыі. Самастойна авалодаў расейскай мовай.

Даслужыўся да намесьніка старшыні афганскага парлямэнту. Быў шчасьлівы ў сямейным жыцьці — у яго і жонкі Пары, таксама партыйнай актывісткі, пяцёра дзяцей. Але з выездам савецкіх куратараў тылы агаліліся і ён як адзін з кіраўнікоў НДПА у сярэдзіне 1990-х трапіў «на мушку» да талібаў.

Каб уратавацца, многія кіраўнікі перайшлі ў муджагедзкія групоўкі. Хто не захацеў супрацоўнічаць, уцяклі — у Пакістан, Таджыкістан, Узбэкістан. Абдул Зухур застаўся, давялося «залегчы на дно» на поўнач ад Кабула, у Пулі-Хумры. Не займаўся ні палітыкай, ні грамадзкай дзейнасьцю. А калі прыйшлі талібы, пра яго зноў успомнілі.

«Талібан» заручыўся падтрымкай групоўкі «Аль-Кайда», іх супольнага націску муджагеды ня вытрымалі і ўладу здалі. Як кажа Абдул Зухур, «добразычліўцы» пасьпяшаліся інфармаваць палявых камандзіраў, што ў горадзе абʼявіўся паплечнік аміна Саіда Мансура Надэры, духоўнага лідэра нізарытаў — ісмаіліцкае адгалінаваньне не ў пашане ў пуштунаў, якія складалі касьцяк «Талібану». А галоўнае — ён колішні чалец Палітбюро, набліжаны да камуністаў Кармаля і Наджыбулы, якія абвясьцілі вайну прававерным мусульманам.

Такога паслужнога сьпісу было дастаткова для арышту — Размджо абвінавацілі ў «шпіянажы». Яго катавалі, білі ланцугамі, перабілі хрыбет. Урэшце павялі на расстрэл, але ў апошні момант пашкадавалі — арыштант нават у перадсьмяротныя хвіліны не спыняўся пераконваць, што ён такі ж афганец-патрыёт.

На нейкі час пакінулі ў спакоі — як аказалася, ненадоўга: пачалі патрабаваць грошай, інакш дакладна забʼюць. Сямʼі, сваякам усё ж удалося яго ўратаваць. Нечакана ўзьніклі пытаньні ў іншым лягеры: чаму колішняга прэзыдэнта Наджыбулу забілі, а аднаго з кіраўнікоў парлямэнту Размджо адпусьцілі? Так апынуўся паміж двума «каткамі». Нічога не заставалася, як падацца ва ўцёкі. Спачатку ў Пакістан, адтуль абыходнымі маршрутамі ў Расею і затым у Беларусь. Гэта быў 1998 год.

Абдул Зухур з жонкай Пары (стаяць зьлева) і савецкія дарадцы, пачатак 1980-х
Абдул Зухур з жонкай Пары (стаяць зьлева) і савецкія дарадцы, пачатак 1980-х

Так ён стаў асьпірантам Беларускай політэхнічнай акадэміі. Яму выдзелілі пакойчык у інтэрнаце, на гэтай падставе атрымаў від на жыхарства ў Беларусі. А празь нейкі час сямʼя ўзьядналася — прыехала жонка зь дзецьмі, адміністрацыя дала асобны жылы блёк.

Тым часам здарылася 11 верасьня 2001 году: тэрарысты «Аль-Кайды», якія раней падтрымалі талібаў, ажыцьцявілі беспрэцэдэнтныя атакі на вежы бізнэс-цэнтру ў Нью-Ёрку ды іншыя абʼекты ў ЗША. У адказ войскі NATO распачалі апэрацыю адплаты ў Афганістане. Празь нейкі час, калі быў вызвалены Кабул ды іншыя тэрыторыі, выпускнік асьпірантуры зазьбіраўся на радзіму. Беларускі пэрыяд завершыўся.

Па вяртаньні давялося пачынаць з нуля — дом быў разбураны, маёмасьць зьнішчаная. Заняўся выкладчыцкай працай, удзельнічаў у партыйным жыцьці. Але ня мае пэўнасьці, што звыклы лад існаваньня застанецца нязьменным пры непрадказальным рэжыме «Талібану».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG