Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У арыштаванага за шпіянаж брытанца знайшлі расейскія сьцягі і бесказырку Чарнаморскага флёту

У кватэры арыштаванага за шпіянаж на Расею брытанца знойдзеныя расейскі сьцяг, раман аўтара шпіёнскіх дэтэктываў Джона Ле Карэ і бесказырка Чарнаморскага флёту.

Здымкі апублікавала газэта Daily Mail.

57-гадовы Дэйвід Сьміт быў ахоўнікам амбасады Вялікай Брытаніі ў Нямеччыне. Ён быў арыштаваны напярэдадні, пасьля таго як некалькі месяцаў за ім назіралі брытанская служба контравыведкі MI5 і нямецкія спэцслужбы.

Яго падазраюць у перадачы расейскай выведцы адчувальнай інфармацыі пра контратэрарыстычныя апэрацыі. Пры гэтым доступу да сакрэтных дакумэнтаў ён, хутчэй за ўсё, ня меў. Аднак, карыстаючыся сваёй пасадай, ён мог незаўважна пранікаць у памяшканьні, у якія не павінен быў мець доступу, дапускае сьледзтва.

Сьміт жыў у двухпакаёвай кватэры ў Потсдаме пад Бэрлінам. У ягонай кватэры знайшлі нашыўкі чатырох вайсковых флётаў Расеі, побач з кніжнай шафай стаіць вялікі расейскі сьцяг, сьведчаць здымкі Daily Mail. Яшчэ адзін, меншы, стаіць побач з тэлевізарам. На кніжнай шафе ляжыць бесказырка Чарнаморскага флёту. Яшчэ адна фуражка, памежных войскаў, была павешаная на цацачнага ратвэйлера.

Унутры шафы — нашыўка расфармаванага ўкраінскага атраду міліцэйскага спэцназу «Беркут», мадэль савецкага аўтамабіля і кнігі па псыхалёгіі і самаразьвіцьці на расейскай мове. Некалькі з кніг у шафе Сьміта прысьвечаныя гісторыі Трэцяга райху. Яшчэ адна — раман былога супрацоўніка брытанскай выведкі Джона Ле Карэ «Забойства па-джэнтльмэнску».

  • У 2019 годзе былы спэцназавец ЗША Пітэр Дэбінс прызнаўся ў працы на расейскую вайсковую выведку. За выкананьне аднаго са сваіх заданьняў ён атрымаў расейскую вайсковую форму, тысячу даляраў і бутэльку каньяку, расказваў ён. Ён быў асуджаны на 15 гадоў і 8 месяцаў турмы. Пасьля гэтага ён адмовіўся ад прызнальных паказаньняў.

XS
SM
MD
LG