Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У лістах ад іх шмат жартаў і гумару». Як справы ў арыштаваных сяброў «Прэс-клюбу»


Адна з імпрэзаў у «Прэс-клюбе»
Адна з імпрэзаў у «Прэс-клюбе»

Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Пётра Слуцкі і Сяргей Альшэўскі за кратамі ўжо амаль 8 месяцаў. Менгарвыканкам пачаў працэс ліквідацыі арганізацыі.

Сяброў «Прэс-клюбу» затрымалі 22 сьнежня 2020 году, неўзабаве пасьля гэтага ім выставілі абвінавачаньні ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. Пра ход сьледзтва амаль нічога невядома. Адвакаты і нават некаторыя родныя затрыманых знаходзяцца пад падпіскай аб невыдаваньні. Паводле інфармацыі Свабоды, сьледчых дзеяньняў з затрыманымі на гэты момант не праводзяць.

Журналістка Дар’я, якая актыўна перапісваецца з арыштаванымі прадстаўнікамі мэдыясупольнасьці, расказала Свабодзе пра лісты, якія атрымала ад арыштаваных сяброў «Прэс-клюбу».

Юлія Слуцкая
Юлія Слуцкая

«Першы мой ліст да Юліі Слуцкай не дайшоў, як я разумею, — расказвае Дар’я. — Потым я паслала ёй пасылку з паштоўкамі, але адказу таксама не атрымала. Пазьней я атрымала ад Юліі паведамленьне, што паштоўкі дайшлі і што яна мне адказвала. Але вось той ліст ад яе не дайшоў. Я пакуль толькі адзін ад яе атрымала».

Па словах Дар’і, ад сына Юліі, апэратара «Прэс-клюбу» Пятра Слуцкага, яна атрымлівала паведамленьні тройчы. Сама Дар’я ня толькі піша лісты арыштаваным журналістам, але і дасылае тэлеграмы, паштоўкі і нават невялікія пасылкі.

«Пастаянная перапіска склалася толькі з Алай Шарко, — расказвае яна. — Ала атрымлівае мае лісты, я атрымліваю яе адказы. Вось, напрыклад, апошні ліст мае нумар 28. І гэта яна яшчэ лісты не адразу пачала нумараваць. У кожным лісьце Ала прысылае мне малюнак. У мяне ўжо цэлая калекцыя намаляваных ёю вусеняў склалася».

Малюнкі вусеняў у лістах ад Алы Шарко зь СІЗА
Малюнкі вусеняў у лістах ад Алы Шарко зь СІЗА

Дар’я кажа, што ў атрыманых ад сябраў «Прэс-клюбу» лістах шмат жартаў і гумару, настрой у іх застаецца бадзёрым, нават нягледзячы на тое, што ўсе за кратамі знаходзяцца працяглы час.

«Пётра Слуцкі вельмі радуецца налепкам, якія я яму дасылаю, — расказвае Дар’я. — У апошнім лісьце нават асобна дзякаваў за іх. Піша, што налепкі яму абавязкова спатрэбяцца. Гэта звычайныя налепкі зь дзіцячых размалёвак. Я купляю іх, потым вырываю лісты з налепкамі і адсылаю. У адным зь лістоў Пётра мне расказаў, што аддаў свайму сукамэрніку каляровыя лісткі. У таго маленькая дачка, і ён заўсёды стараецца намаляваць ёй нешта прыгожае. Яны стараюцца хоць неяк упрыгожваць свае лісты на волю, дзеляцца налепкамі таксама».

Пётра Слуцкі
Пётра Слуцкі

У лістах да Дар’і Пётра Слуцкі расказвае пра свае падарожжы, пра мясьціны, дзе быў. Асобна ўспамінаў пра паездку ў Гервяты і сваіх катоў. Піша пра паездкі на Іслач, якую вельмі любіць.

«Расьпісаў мне, як прыгожа на Іслачы ў месцах, дзе высокі бераг, — расказвае Дар’я. — Там можна легчы на траву і назіраць, як у бераг залятаюць ластаўкі ў свае гнёзды. Пётра ня страчвае сілу духу, гэта відаць і па лістах у тым ліку».

Дар’я кажа, што лісты для вязьняў — вельмі важная рэч. Асабліва для журналістаў, якія прызвычаіліся самі шмат пісаць, а таксама чытаць.

«З Алай мы абмяркоўваем кацянят, знакі задыяку, падарожжы, — расказвае Дар’я. — Яна нешта ўспамінае, я ёй расказваю. Паслала ёй цытату савецкага актора Яўгенія Лявонава, Ала вельмі дзякавала. Сказала, што гэта любімы яе актор. Прыгадвала ягоныя вядомыя лісты да сына, казала, што паводле іх варта жыць. Ала таксама расказвае, што вельмі шмат чытае. Піша мне аб прачытаных кнігах. Пераказвае мне іх зьмест. Расказвае таксама пра ката, якога яны бачаць зрэдку падчас прагулак. Назвалі яго Бэргамотам. Ала мне напісала, што нядаўна бачыла яго зноў, дакладней, ягоную лапу, калі кот спаў. Ён не прачнуўся, нават калі вязьні пачалі голасна захапляцца яго прысутнасьцю».

Ала Шарко
Ала Шарко

Па словах Дар’і, Ала Шарко вельмі шмат чытае за кратамі. Прачытала нядаўна раман Гі дэ Мапасана «Мілы сябар» і зьдзівілася, што гэтая кніга пра журналістыку. Раней не зьвяртала на гэта ўвагі. Чытае таксама пра псыхалёгію, зьбіраецца прачытаць сэрыю раманаў «Хросны бацька» Марыё П’юза.

«Ала вельмі шмат піша пра кнігі. Часам нават пра такія, якіх я не чытала яшчэ, — гаворыць Дар’я. — Я тады ўключаю іх у свой сьпіс для прачытаньня».

Дар’я таксама расказвае, пра што цяпер важна пісаць палітзьняволеным у турмы. Ала Шарко, напрыклад, просіць як мага больш расказваць пра лета і свае паездкі па Беларусі.

«Ня трэба саромецца, пішыце пра ўсё, — цытуе Дар’я ліст ад Алы Шарко. — Пра паветра, пра пляжы, прыроду — я вельмі гэтаму радуюся, такім лістам, дзякуй вялікі табе за гэтыя аповеды».

Па словах Дар’і, ёсьць тыя, хто саромеецца пісаць за краты пра ўсё гэта. Пра тое, як праходзіць ягонае лета. Але Ала Шарко вельмі радая менавіта такім лістам.

«Яна нічога гэтага не адчувае, у яе там толькі чатыры сьценкі, — гаворыць Дар’я. — І для яе гэта спосаб трымаць сувязь з рэальнасьцю і жыць у тым ліку гэтымі ўражаньнямі. Напісала мне, зь якой цікавасьцю прачытала мой аповед пра паездку на возера за горад. Пра сонца, сьпякоту. Гэта ўсё вельмі кранае. Ала Шарко ня хоча маркоціцца там. Гэты яе пасыл вельмі натхняе ў любой паездцы. Я цяпер кожны раз, як выяжджаю, думаю, як я пра гэта напішу ў лісьце. Шчыра кажучы, я ўжо ня ведаю, калі змагу пазбавіцца ад гэтай звычкі — адразу занатоўваць у тэлефон свае адчуваньні, каб потым іх перадаць у лістах да вязьняў».

Дата заканчэньня сьледзтва ў справе сяброў «Прэс-клюбу», а таксама дзень магчымага пачатку судовага працэсу пакуль невядомыя. Артыкул Крымінальнага кодэксу, паводле якога абвінавачваюць журналістаў, прадугледжвае пакараньне ад штрафу да пазбаўленьня волі тэрмінам на 3 гады.

Што такое «Прэс-клюб»

«Прэс-клюб» — гэта «пляцоўка для прафэсійнага разьвіцьця мэдыясупольнасьці», «нефармальнае аб’яднаньне мэдыяпрафэсіяналаў, усіх тых, хто жадае ўдасканаліць журналісцкія ўменьні і працаваць у рытме прафэсійных стандартаў і трэндаў».

«Прэс-клюб» заснаваны ў 2011 годзе. У чэрвені 2014-га арганізацыя стала сябрам Міжнароднай асацыяцыі «Прэс-клюбаў» (International Association of Press Clubs). У лістападзе 2015-га ў Беларусі зарэгістравалі культурна-асьветніцкую ўстанову «Журналісцкая майстэрня Прэс-клюб».

«Прэс-клюб» арганізуе прафэсійныя дыскусіі, трэнінгі, варштаты для журналістаў, займаецца мэдыяграматнасьцю, маніторынгам і аналізам фэйкаў і прыкладаў прапаганды ў дзяржаўных мэдыя.

Юлія Слуцкая — заснавальніца і старшыня «Прэс-клюбу». У 1995–2006 — галоўны рэдактар «„Комсомольской правды“ в Белоруссии». У 2007–2010 — галоўны рэдактар «Эўрапейскага радыё для Беларусі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG