Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд па ліквідацыі кампаніі–ўласьніцы парталу Hrodna.life прызначылі на 26 жніўня


Лягатып Hrodna.life
Лягатып Hrodna.life

Пазоў з патрабаваньнем у прымусовым парадку спыніць дзейнасьць таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Гродна Лайф Медыя» падала пракуратура Горадзенскай вобласьці.

За апошні год рэдакцыя інфармацыйнага парталу Hrodna.life зазнала шматлікія арышты і ператрусы. Сумарна ёй далі больш як на 10 тысяч даляраў штрафаў.

У ліпені суд Ленінскага раёну Горадні на закрытым пасяджэньні прызнаў экстрэмісцкім тэлеграм-канал Hrodna.life.

Падрыхтоўчае судовае пасяджэньне прайшло ў Эканамічным судзе Горадзенскай вобласьці. Судзьдзя Марыя Росьлік удакладніла, што ліквідацыя юрыдычнай асобы — крайняя мера. Таму выслухала пракурора, прадстаўнікоў гарвыканкаму і адказьнікаў.

Пракурор Уладзімер Клішын сказаў, што заява пададзена «дзеля абароны дзяржаўных і грамадзкіх інтарэсаў». У працы фірмы ён убачыў «дзейнасьць, забароненую заканадаўчымі актамі». Спаслаўся на два штрафы за нібыта распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія прысудзілі ў сакавіку і чэрвені, а таксама на закон «Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму», у адпаведнасьці зь якім Telegram-канал выданьня 9 ліпеня суд прызнаў экстрэмісцкім.

Прадстаўнікі гарвыканкаму на судзе пагадзіліся з пазыцыяй пракурора.

Аляксей Шота як адказнік і прадстаўнік ТАА «Гродна Лайф Медыя» з пракурорам не згадзіўся. Ён адзначыў, што разавыя правапарушэньні, за якія арганізацыя ўжо панесла адміністрацыйную адказнасьць, разглядаць як забароненую дзейнасьць памылкова.

Закон дае месяц на ліквідацыю парушэньня і пісьмовае інфармаваньне аб гэтым асобы, якая вынесла прадпісаньне. Толькі ў выпадку, калі гэта ня зроблена своечасова, запускаецца працэс ліквідацыі. Да таго ж папярэджаньне было вынесена яму як фізычнай асобе.

Аляксей Шота таксама ўдакладніў, што разьмешчанае на сайце фота зь лягатыпам, прызнаным экстрэмісцкім, у другі раз было выдалена за некалькі дзён да прад’яўленьня прэтэнзій.

На пералічаныя довады пракурор адказаў, што раз Аляксей Шота зьяўляецца і заснавальнікам, і кіраўніком юрыдычнай асобы, папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня закону накіравана правільна.

Першае асноўнае судовае паседжаньне ў Эканамічным судзе аб ліквідацыі ТАА «Гродна Лайф Медыя» прызначылі на 26 жніўня, 10:00.

Ад сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый.

Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацый. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG