Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Кубы легалізавалі малы і сярэдні прыватны бізнэс у большасьці сэктараў эканомікі

Улады Кубы, якая знаходзіцца пад кіраваньнем Камуністычнай партыі, пашырылі сьпіс сэктараў эканомікі, у якіх можа працаваць прыватны бізнэс, паведамляе афіцыйная газэта краіны Granma.

Цяпер бізнэсоўцы змогуць займацца больш чым двума тысячамі відаў дзейнасьці замест 127. Рашэньне прынята на фоне ціску на эканоміку амэрыканскімі санкцыямі і крызісу, які ўзмацніўся з прычыны пандэміі каранавірусу.

Лібэралізацыя эканомікі на выспе пачалася ў 2010 годзе, аднак маштабны дазвол прыватнага бізнэсу быў анансаваны толькі ў лютым гэтага года. Зараз сьпіс відаў дзейнасьці, якія дазволеныя на востраве, адменены, а замест яго прыняты сьпіс з 124 відаў бізнэсу, якія забароненыя для прыватнага сэктара. Што менавіта забараняецца — не ўдакладняецца.

Да 2020 года на Кубе былі выдадзеныя больш за 600 тысяч ліцэнзій для прыватнага бізнэсу, большая частка з іх тычылася турыстычнага сэктару, — піша часопіс Time. У прыватным бізнэсе працуюць каля 13 адсоткаў насельніцтва выспы. Аднак турыстычны сэктар панёс катастрафічныя страты праз пандэмію.

У пачатку 2021 года турыстычны паток на востраў скараціўся на 95,5 адсотка, перадае канал Telesur. Пры гэтым у раёнах, усё яшчэ якія прымаюць турыстаў, адзначаецца рэзкі рост колькасьці заражэньняў каранеавірусам, паведамляе Radio Televisión Martí.

На фоне падзеньня эканомікі і пандэміі каранавірусу на востраве прайшла сэрыя самых масавых з пачатку 1990-х гадоў пратэстаў. Яны былі падушаныя ўладамі, паведамляецца пра тысячы арыштаў.

XS
SM
MD
LG