Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кубе затрымалі каля 100 пратэстоўцаў, улады назвалі дэманстрацыі справай «наймітаў, якіх фінансуюць ЗША»


Кубінскія пратэстоўцы
Кубінскія пратэстоўцы

У краіне арыштоўваюць палітычных актывістаў пасьля таго, як урад абвінаваціў ЗША ва ўмяшаньні ў справы краіны.

Палітычнае кіраўніцтва Кубы абвінаваціла Злучаныя Штаты ў спробе «эканамічнага здушэньня», каля 100 актывістаў затрымалі пасьля найбуйнейшых за апошнія гады акцый пратэсту, у той час як адміністрацыя Джо Байдэна заявіла, што падтрымлівае права кубінскага народу на дэманстрацыю, піша Reuters.

«Кубінцы патрабуюць свабоду ад аўтарытарнага рэжыму, — заявіў Джо Байдэн. — Мы заклікаем урад Кубы ўстрымацца ад гвалту ў яго спробах заглушыць голас кубінскага народу».

Сярод затрыманых Хасэ Даніэль, лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай арганізацыі — Патрыятычнага зьвязу Кубы (UNPACU). Даніэля схапілі 12 ліпеня, калі той выходзіў з дому, каб далучыцца да пратэсту ў Сант’яга-дэ-Куба на ўсходзе краіны. Яго месцазнаходжаньне дагэтуль невядомае. Таксама затрымалі актыўных ўдзельнікаў пратэстаў, мастака-дысыдэнта Люіса Мануэля Атэру Алькантара і паэта Амаўры Пачэка.

Тысячы кубінцаў у нядзелю далучыліся да акцый пратэсту ад Гаваны да Сант’яга. Спачатку людзі пратэставалі супраць страшнага эканамічнага крызісу ў краіне і захадаў барацьбы з пандэміяй, але затым загучалі заклікі скончыць камуністычную эру. Куба ад сярэдзіны ХХ ст. жыве пра камуністычнай уладзе. Кубінскія эмігранты, якія масава пражываюць у Маямі, выйшлі на акцыю салідарнасьці з суайчыньнікамі, заклікаючы іх пратэставаць далей.

У час чатырохгадзіннага звароту да нацыі прэзыдэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль заявіў, што напружанасьць на акцыях пратэсту распальвала «контрарэвалюцыйная меншасьць», а міністар замежных спраў Бруна Радрыгес абвінаваціў у арганізацыі дэманстрацый «наймітаў, якія фінансуюцца ЗША».

Кампанія сеткавага маніторынгу Kentik паведаміла, што на Кубе перад і падчас акцый пратэсту актыўна адключалі інтэрнэт, былі істотныя перабоі ў працы.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый заявіла, што сочыць за пратэстамі, і заклікала паважаць правы на свабоду слова і мірных сходаў.

  • Як адзначаюць амэрыканскія назіральнікі, кубінская стратэгія адміністрацыі Байдэна знаходзіцца ў стадыі фармаваньня. Падчас перадвыбарчай кампаніі Джо Байдэн абяцаў вярнуцца да стратэгіі Барака Абамы, які часткова аднавіў гандлёва-эканамічныя адносіны з Кубай, перарваныя ў выніку эканамічнага эмбарга, уведзенага ў 1962 годзе. За прэзыдэнцтвам Дональда Трампа вялікая частка абмежаваньняў была адноўленая і Куба была вернутая ў сьпіс краін-спонсараў тэрарызму. Пакуль забароны, уведзеныя Трампам, застаюцца ў сіле.
  • Праціўнікі эмбарга лічаць, што такія захады толькі даюць падставы ўладам Кубы для ўзмацненьня рэпрэсій, прыхільнікі эмбарга перакананыя, што гандаль з Кубай умацуе аўтарытарны камуністычны рэжым.
  • Пратэсты на Кубе, на думку экспэртаў, хутчэй за ўсё вымусяць адміністрацыю Байдэна заняць больш жорсткую пазыцыю ў дачыненьні да кубінскіх уладаў.
  • На Кубе востра бракуе лекаў і перабоі з харчамі. Улады вінавацяць у гэтым ЗША, якія, на іх думку, робяць усё дзеля зьнішчэньня кубінскай эканомікі. Пратэстоўцы лічаць вінаватымі ў пашырэньні эканамічнага крызісу камуністычныя ўлады сваёй краіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG