Пра гэта тэлеканалу «Дождж» распавяла яго маці Юлія Дуднікава.
— У яго праблемы з псыхічным здароўем пачаліся — панічныя атакі, бяссоньніца. Ён кажа, што то ўвесь дзень хоча спаць і адчувае сабе, як быццам пад наркозам, то суткамі ня можа заснуць. Лекараў там практычна не дачакацца, — распавяла Юлія Дуднікава.
Ягор утрымліваецца ў СІЗА-1 на Валадарскага. Жанчына кажа, што яе сын знаходзіцца ў камэры з 13 зьняволенымі ў антысанітарных умовах, прагулкі бываюць вельмі рэдка. Лісты ад блізкіх і дзяўчыны яму практычна не даходзяць
Сёньня ў судзе разглядалі пытаньне аб працягу Дуднікаву меры стрыманьня.
«Утрыманьне пад вартай Дуднікаву працягнулі яшчэ на адзін месяц», — паведаміла РИА «Новости».
Ягора Дуднікава затрымалі ў Менску на пачатку траўня па падазрэньні ў тым, што ён быў адным з адміністратараў прызнанага экстрэмісцкім тэлеграм-канала «Атрады грамадзянскай самаабароны Беларусі». Яму прад’яўленае абвінавачваньне па ч. 1 арт. 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Праваабаронцы прызналі Ягора Дуднікава палітвязьням.