Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фракцыя ХДС/ХСС у бундэстагу выступіла за новыя выбары ў Беларусі


Будынак бундэстагу
Будынак бундэстагу

Фракцыя партыі ХДС/ХСС, якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, у нямецкім парлямэнце (ад яе на пасаду канцлера балятавалася Ангела Меркель) выступіла за новыя выбары ў Беларусі.

У заяве з нагоды першай гадавіны выбараў 9 жніўня спікер фракцыі па пытаньнях зьнешняй палітыкі Юрген Харт, у прыватнасьці, адзначыў:

«Праз год пасьля сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі фракцыя ХДС/ХСС у бундэстагу ўспамінае пра шматлікія ахвяры, якія на сумленьні рэжыму Лукашэнкі. Той, хто страляе ў мірных дэманстрантаў, страціў сваё прызнаньне як член міжнароднай супольнасьці. Таму накладаньне санкцый на нелегітымнага прэзыдэнта Лукашэнку, шматлікіх асоб у яго асяродзьдзі, якія нясуць адказнасьць за сьмерць, самавольства, катаваньні і гвалт у Беларусі, — правільна».

«Але гэтага ўсё ж недастаткова. Цяпер гаворка ідзе аб далейшых жорсткіх і мэтанакіраваных санкцыях», — сказаў прадстаўнік фракцыі ХДС/ХСС.

У сувязі з гэтым ён закрануў тэму працаўладкаваньня IT-спэцыялістаў, якія зьяўляюцца «асновай беларускай эканомікі». «Для іх Эўрапейскі зьвя павінен значна палегчыць выдачу віз, каб яны маглі працягнуць сваю важную працу ў краінах ЭЗ ва ўмовах свабоды», — заявіў Харт. Такая мера, на яго думку, «стане адчувальнай для мінскага рэжыму».

«У сьвятле ўгону самалёта або забойства апазыцыянэраў за мяжой дзяржаўны тэрарызм рэжыму Лукашэнкі больш не ведае межаў. Тое, што ў дадатак да гэтага некалькі членаў беларускай алімпійскай каманды пакінулі сваю краіну, сьведчыць аб нецярпімасьці ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў Беларусі нават для тых, хто наўпрост не зьведаў рэпрэсій», — сказаў прадстаўнік фракцыі ХДС/ХСС.

Паводле яго слоў, год таму народ адмовіў Лукашэнку ў даверы і падтрымцы.

«Для Беларусі не можа быць іншага шляху, акрамя як свабодныя выбары з таемным галасаваньнем пад міжнародным назіраньнем. Пераважная большасьць людзей жадала б зьмен у кіраўніцтве дзяржавай і шляху да сучаснай, адкрытай і дэмакратычнай будучыні. У гэтым імкненьні людзі ў Беларусі маюць падтрымку з боку фракцыі ХДС/ХСС у бундэстагу», — падкрэсьліў Харт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG