Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На загад Лукашэнкі ўзмацняюць ахову дзяржаўнай мяжы на «найбольш значных» кірунках


Дзяржаўная мяжа зь літоўскага боку. Ілюстрацыйнае фота
Дзяржаўная мяжа зь літоўскага боку. Ілюстрацыйнае фота

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі паведаміў пра ўзмацненьне аховы дзяржаўнай мяжы.

«Павялічаная колькасьць нарадаў, зьдзейсьнены манэўр сілаў і сродкаў з другасных кірункаў на найбольш значныя», — расказаў афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.

Тым часам сёньня намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік сустрэўся з кіраўніком прадстаўніцтва УВК ААН у справах уцекачоў у Беларусі Мулусэў Мамо і, як паведамляе МЗС, заявіў пра «непрымальнасьць барбарскіх мэтадаў гвалтоўнага выправаджэньня шукальнікаў прытулку на тэрыторыю Беларусі ў парушэньне палажэньняў Канвэнцыі аб статусе ўцекачоў 1957 году і іншых адпаведных міжнародных дакумэнтаў».

Сёньня ж у замежнапалітычнае ведамства ЭЗ быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі пры Эўразьвязе Пётра Шульга, якому заявілі, што Менск мусіць выконваць свае абавязаньні ў барацьбе зь нелегальнай міграцыяй.

МЗС Беларусі заявіў, што «беларускі бок адпрэчыў шэраг агучаных катэгарычных ацэнак эўрапейскага боку, падаў дадатковыя факты, якія адлюстроўваюць рэальную абстаноўку на мяжы, і пашыраную аргумэнтацыю ў названым пытаньні зь пералікам канкрэтных сыстэмных захадаў аховы беларуска-літоўскай мяжы».

Таксама сёньня кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Літвы Габрыелюс Ландсбергіс заявіў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі шукае патэнцыйных нелегальных мігрантаў ня толькі ў Іраку, але і ў іншых краінах. «На мінулым тыдні гаварылася пра дыскусіі Лукашэнкі з Марока, цяпер чуем пра Пакістан», — цытуе міністра LTR.

На сёньняшняй нарадзе зь сілавікамі, камэнтуючы сытуацыю зь нібыта памерлым напярэдадні на беларускай тэрыторыі ірацкім мігрантам, Лукашэнка даручыў узмацніць ахову дзяржаўнай мяжы.

«Ад сёньняшняга дня ніводная нага на тэрыторыю Беларусі з сумежнага боку, няхай гэта будзе поўдзень ці захад, ступіць не павінна, — загадаў Лукашэнка. — Закрыйце кожны мэтар мяжы»

  • Колькасьць мігрантаў, затрыманых на літоўска-беларускай мяжы, перавысіла леташнюю ў 16 разоў. Краіна ўвяла рэжым экстрэмальнай сытуацыі ў сувязі з рэзкім ростам нерэгулярнай міграцыі зь Беларусі.
  • Літва вінаваціць беларускія ўлады ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз.
  • 2 ліпеня старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен падчас візыту ў Вільню заявіла, што наплыў нелегальных мігрантаў у Літву з тэрыторыі Беларусі палітычна матываваны.
  • Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у той жа дзень напісаў у Твітэры: «Лукашэнка спрабуе ператварыць міграцыю ў зброю, каб аслабіць нашы санкцыі. Надзвычайнае становішча або не — гэта ня пройдзе!»
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў 6 ліпеня, што Беларусь займаецца барацьбой з нелегальнай міграцыяй, «але роўна настолькі, наколькі гэта неабходна, выгадна... краіне і фінансава магчыма... Мы ніколі ня будзем нікога трымаць: яны ж не да нас ідуць. Яны ідуць у адукаваную, цёплую, утульную Эўропу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG