Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мігранцкі крызіс: скасавалі рэйс з Басры ў Менск, самалёт з Багдаду прыляцеў


Ілюстрацыйнае фота. Самалёт авіякампаніі Iraqi Airways у аэрапорце Басры

Авіякампанія Iraqi Airways скасавала сёньняшні рэйс з Басры ў Менск. Інфармацыя зьявілася на табло прылётаў Менскага аэрапорту. 

На рэйс быў заяўлены Boeing 737-800, які можа перавозіць больш за 150 чалавек.

У той жа час самалёт авіякампаніі FlyBaghdad з Багдаду прыбыў у Менск неўзабаве па 13-й гадзіне.

Напярэдадні пасол Эўрапейскага Зьвязу ў Іраку Марцін Гут заявіў, што мае інфармацыю пра адмену рэйсаў з Іраку ў Беларусь на бліжэйшыя дзесяць дзён. Зь ягоных словаў вынікала, што гаворка акурат пра кампанію Iraqi Airways.

«Зь некалькіх крыніц мы атрымалі інфармацыю, што рэйсы на бліжэйшыя дзесяць дзён адмяняюцца. Выглядае, што гэта вельмі надзейная інфармацыя. Наколькі мы разумеем, авіякампанія Iraq Airways праінфармавала пра гэта ўсе турыстычныя агенцтвы краіны», — сказаў у сераду ўвечары дыплямат ЭЗ.

Раней ірацкія авіякампаніі заявілі пра пашырэньне геаграфіі вылетаў з Іраку ў Беларусь — ня толькі з сталічнага Багдаду, але і з трох іншых гарадоў — Басры, Арбілю і Сулейманіі.

Пры спробе замовіць квіткі з Багдаду ў Менск на сайце кампаніі Iraqi Airways выдаецца паведамленьне, што ўсе месцы распрададзеныя на некалькі месяцаў наперад.

На заўтра, 6 жніўня, заплянаваныя яшчэ два рэйсы кампаній Iraqi Airways і FlyBaghdad з Іраку ў Менску — абодва з Багдаду.

Сёлета мяжу зь Беларусі ў Літву перасеклі больш за 4 тысячы мігрантаў. Большасьць зь іх іракцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG