Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Другі дзень суду над Знакам і Калесьнікавай: бацькоў падсудных не пусьцілі ў залю


Марыя Калесьнікавай і Максім Знак у судовай залі. Менск, 4 жніўня

У судзе Менскага раёну прадоўжылася пасяджэньне ў справе чальцоў штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, сябраў Каардынацыйнай рады Марыі Калесьнікавай і адваката Максіма Знака.

Працэс ідзе ў закрытым рэжыме. На яго не пусьцілі нават татаў Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай, якія хацелі пабачыць сваіх дзяцей. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Віктара Бабарыкі.

Паводле адвакатаў татам Марыі Калесьнікавай і Максіма Знака перадалі, што іх пусьцяць у залю суду, каб здалёк пабачыць дзяцей. Яны ня спалі ўсю ноч, а калі яны прыйшлі на суд — іх не прапусьцілі.

Пазбаўлены ліцэнзіі адвакат Сяргей Зікрацкі раней бараніў Максіма Знака, ён ведае дэталі крымінальнай справы. У інтэрвію «Эўрарадыё» Зікрацкі заявіў, што не было законных падставаў рабіць суд закрытым.

«Як былы абаронца Максіма Знака магу сказаць, што я ня бачыў у гэтай крымінальнай справе ніякіх прычын, каб судовы працэс быў закрытым. На мой погляд, ён абвешчаны закрытым надумана, каб ніхто не зразумеў, якія канкрэтныя доказы ёсьць у следзтва, якія доказы ёсьць у пракуратуры ў абвінавачаньнях Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай.

Мы абсалютна ўпэўненыя, што ніякіх доказаў па тых артыкулах, якія ім выставілі, няма. І што таго, што нам агучваюць у публічнай прасторы, Максім і Марыя не зьдзяйсьнялі.

Яны абсалютна не вінаватыя і цяпер яны за кратамі толькі таму, што выказвалі сваю пазыцыю і былі палітычна актыўнымі, абаранялі той выбар, які зрабілі ўсе мы», — падкрэсьліў Сяргей Зікрацкі.

Марыя Калесьнікава і Максім Знак пад вартай зь верасьня 2020 года. Ім выставілі абвінавачаньні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу: «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», «змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам», «стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім».

Абодвум абвінавачаным пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі, праваабарончыя арганізацыі прызналі іх палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG