Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве «воіны Алаха» праз электронную пошту заявілі пра мінаваньне 12 будынкаў


Гандлёвы цэнтар Akropoils у Вільні
Гандлёвы цэнтар Akropoils у Вільні

4 жніўня на розныя электронныя адрасы ў Літве прыйшоў электронны ліст ад імя «воінаў Алаха». У ім пагражалі помстай за «братоў-мусульман» і заявілі пра 12 замінаваных будынкаў у Вільні, перадало Delf.lt паведамленьне агенцтва Alfa.lt.

Выданьне прыводзіць тэкст ліста, падпісанага Юсэфам Арафатам:

«Мы — воіны Алаха — паведамляем вам, што адпомсьцім за нашых братоў-мусульман. Спачатку інфармуем вас пра тое, што мы заклалі бомбы. Вы павінны зразумець нашыя намеры. Далей будзем дзейнічаць без папярэджаньня. Ведайце, што ў вашай краіне тысячы нашых братоў — найлепшых воінаў, якія не баяцца сьмерці. Мы любім сьмерць так, як вы любіце жыцьцё, мы воіны, якія ваююць удзень і ўначы. Алах вялікі».

Сярод названых у лісьце адрасоў — буйныя гандлёвыя цэнтры, у тым ліку Akropolis, Ozas, BIG, а таксама Віленскі ЗАГС, Дэпартамэнт міграцыі і будынак, дзе месьціцца рэдакцыя Delfi.

Паліцыя паведаміла, што праверыць згаданыя будынкі, хоць інфармацыя пра іх мінаваньне да іх не паступала.

Сёньня ж беларускія афіцыйныя СМІ распаўсюдзілі інфармацыю, што літоўскія памежнікі гвалтам выштурхоўваюць мігрантаў, якія пераходзяць беларуска-літоўскую мяжу, страляюць на паражэньне, пры гэтым адзін грамадзянін Іраку нібыта памёр ад траўмаў. Літва назвала гэтую інфармацыю правакацыяй і «казкамі».

20 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мігрантаў у Літве ўтрымліваюць, як у канцлягерах. Паводле яго, 26 мігрантаў літоўцы «пагналі церазь мяжу, адкрыўшы страляніну над галовамі, зьбілі, цяпер некаторыя ў бальніцы».

Ён сказаў, што праз гэта ў Літву церазь Беларусь «ірвуцца» мусульмане са зброяй, каб адпомсьціць.

«І вы ведаеце, гэта радыкальныя мусульмане, — сказаў Лукашэнка. — І яны што, разьлічваюць, што я буду трымаць тут на мяжы ўзброеных гэтых іракцаў, курдаў і іншых? Ня думайце, я іх тут трымаць ня буду. Я вас папярэджваю сумленна і адкрыта. Таму, перш чым рабіць нейкія крокі, думайце, хто вам процістаіць», — папярэдзіў 20 ліпеня Лукашэнка.

23 траўня ў Менску прымусова пасадзілі самалёт з былым рэдактарам тэлеграм-каналу Nexta Раманам Пратасевічам. Дырэктар Дэпартамэнту авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Арцём Сікорскі сьцьвярджаў, што прычынай прымусовай пасадкі самалёта нібыта стаў ліст ад ХАМАС, і пачынаўся ён словамі: «Мы, салдаты ХАМАС...» Прадстаўнікі ХАМАС абверглі сваю датычнасьць да інцыдэнту двойчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG