Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра гібель іракца на беларуска-літоўскай мяжы. Улады Літвы: «Гэта правакацыя і казкі братоў Грым»

абноўлена

Памежны слуп на літоўска-беларускай мяжы

Сьцьвярджаецца, што мужчына памёр на месцы.

На беларуска-літоўскай мяжы ў ваколіцы Беняконяў загінуў мужчына, грамадзянін Іраку, паведаміў «Інтэрфаксу» афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі:

«Мужчына неславянскага аблічча быў знойдзены беларускімі памежнікамі ў цяжкім стане».

Памежнікі спрабавалі аказаць першую дапамогу, але малады чалавек памёр на месцы, сказаў Бычкоўскі.

Дзяржаўны памежны камітэт таксама заявіў пра выяўленьне на лініі мяжы зь Літвой «пяцярых параненых грамадзян Іраку, якія былі гвалтоўна выдвараныя сумежным бокам у Беларусь», піша БЕЛТА. Паводле агенцтва, у замежнікаў былі «зьнешнія прыкметы ўжываньня гвалту з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі», а таксама «сьляды ўкусаў службовых сабак». Таксама БЕЛТА апублікавала відэазапіс, на якім пяцёра чалавек сядзяць ля дарогі ў лесапаласе, на іх целах бачныя розныя раненьні. Потым у відэа паказаныя кадры наданьня ім мэдычнай дапамогі.

Рэакцыя Лукашэнкі і дзяржаўных СМІ

Тым часам тэлеграм-канал pul_1, зьвязаны з Лукашэнкам, назваў гібель іракца, які нібыта вяртаўся зь Літвы, «шакавальным забойствам». Лукашэнка даручыў Сьледчаму камітэту пад кантролем пракуратуры неадкладна прыступіць да расьсьледаваньня, апытаць у тым ліку мясцовых жыхароў, якія нібыта паведамілі пра пабітага чалавека.

Таксама сілавікам была пастаўленая задача знайсьці сваякоў загінулага, выдаць ім візы, аказаць усю дапамогу для прыбыцьця ў Беларусь, каб забраць цела.

Праўладная газэта «СБ. Беларусь сегодня» на сваім сайце апублікавала матэрыял з падзагалоўкам «Першая ахвяра зьверстваў літоўцаў на мяжы», сярод інншага яна напісала:

«Адзначаецца, што мігрант фактычна перапоўз кантрольна-сьледавую паласу з боку Літвы».

Дзяржаўныя СМІ апублікавалі кадры нявызначаных людзей зь нібыта кулявымі раненьнямі, сьцьвярджаючы, што гэта мігранты зь беларуска-літоўскай мяжы.

Ужо апоўдні сябры «Белай Русі» з плякатамі сабраліся каля літоўскай амбасады ў Менску і пачалі крычаць «Не забудем, не простим!» Каля 10 чалавек прыйшлі таксама да літоўскага кансуляту ў Горадні.

Рэакцыя ў Літве: «Гэта правакацыя»

Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы на 10.40 беларускага часу пра гібель чалавека паблізу Беняконяў нічога не паведамляла. Пазьней літоўскія памежнікі сказалі, што не атрымлівалі ад беларускіх чыноўнікаў інфармацыі аб інцыдэнце. Яны кажуць, што даведаліся пра гэта з сродкаў масавай інфармацыі.

«Літоўскія памежнікі даведаліся пра гэта, адсочваючы зьмест замежных СМІ і сацыяльных сетак», — сказаў BNS прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Рокас Пукінскас.

Пазьней кіраўнік Міністэрства абароны Літвы Арвідас Анушаўскас назваў гэтыя паведамленьні беларускага боку «правакацыяй» і адзначыў, што такіх правакацыяў можа стаць больш.

«Мы спадзяваліся на правакацыі з боку беларускага рэжыму. Фактычна, арганізоўваючы ўвесь гэты незаконны шлях, уцягваючы ў гэтую дзейнасьць сваіх службовых асоб, я думаю, што яны не заўсёды могуць самі кантраляваць сытуацыю», — заявіў міністар Анушаўскас.

Міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце назвала распаўсюджанае дзяржаўнымі СМІ і блогамі ў Беларусі паведамленьне «прыкладам гібрыднай атакі на Літву». Яна таксама назвала гэта відавочнай дэзынфармацыяй.

«Гэта глупства. Казкі братоў Грым», — дадала Білатайце.

Дэпартамэнт статыстыкі Літвы паведаміў, што за содні памежнікі краіны затрымалі 35 мігрантаў, што значна меней за папярэднія дні. Агульная колькасьць нерэгулярных мігрантаў, злоўленых на мяжы літоўскімі службамі, склала ўжо 4090 чалавек. Таксама ў Літве пацьвердзілі, што працягваюць выконваць загад міністра ўнутраных справаў Агне Білатайце і вяртаць мігрантаў назад у Беларусь, транзытам празь якую яны рушаць у Літву з краін Азіі і Афрыкі.

На наступным тыдні Сэйм склікае нечарговую сэсію, каб прыняць рашэньне аб наданьні шырэйшых паўнамоцтваў жаўнерам, якія працуюць на мяжы, інфармуе Delfi.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG