Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскіх ВНУ недабор студэнтаў на бюджэтную форму навучаньня


Прыём дакумэнтаў ад абітурыентаў, ілюстрацыйнае фота

5 жніўня — апошні дзень залічэньня на бюджэт у ВНУ. Аднак у некаторых установах частка месцаў усё яшчэ застаецца вакантнай.

Zerkalo.io паглядзела, якія беларускія ўнівэрсытэты і на якія спэцыяльнасьці абвясьцілі дадатковы набор.

БДУ — 51

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце на дзённую форму не запоўненыя 36 месцаў. Дадатковы набор абвясьцілі на мэхмат (14 месцаў), фізфак (11), прыродаахоўную дзейнасьць (4). Яшчэ 11 чалавек чакаюць у інстытуце імя Сахарава, які ўваходзіць у структуру БДУ.

БНТУ — 160

У Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце на бюджэце вольныя 150 месцаў. Больш за ўсё абітурыентаў недалічыліся на спэцыяльнасьці «мэталюргічная вытворчасьць і матэрыялаапрацоўка» — 27 вакансій. Акрамя таго, не хапіла 10 бюджэтнікаў-завочнікаў.

БДУІР — 15

У Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі дадатковы набор неабходны толькі на вайсковым факультэце. 14 чалавек не хапае на спэцыяльнасьці «радыётэхніка» (спэцыяльныя сыстэмы радыёлякацыі і навігацыі), 1 — на спэцыяльнасьці «інфакамунікацыйныя сыстэмы».

БДТУ — 53

Недалічыліся патрэбнай колькасьці студэнтаў і ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце. Вакантныя месцы на дзённы бюджэт засталіся на сямі факультэтах, дзе агулам не хапае 53 абітурыентаў. Большасьць прыпала на спэцыяльнасьць «абсталяваньне дрэваапрацоўчых вытворчасьцяў».

БДПУ імя Танка — 16

У Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэце імя Максіма Танка вакантнымі аказаліся 16 месцаў — усе на спэцыяльнасьці «Фізыка. Інфарматыка». Каб паступіць на дзённую форму, трэба тры сэртыфікаты ЦТ.

Вайсковая акадэмія — 115

Засталіся незанятыя месцы і ў Вайсковай акадэміі. З інфармацыі на сайце Міністэрства абароны вынікае, што тут чакаюць яшчэ 115 чалавек. Больш за ўсё — на факультэце супрацьпаветранай абароны: на спэцыяльнасьці «эксплюатацыя радыётэхнічных сыстэмаў» вольныя 34 месцы.

Дакумэнты ад тых, хто плянуе паступаць на месцы, што аказаліся вакантнымі, ВНУ прымаюць да 7 жніўня ўключна.

Раней сталічныя ВНУ салідарна паднялі цэны на камэрцыйнае навучаньне, хоць кіраўніцтва Міністэрства адукацыі публічна запэўнівала, што падвышаць кошт адукацыі першакурсьнікам сёлета не плянуюць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG