Зяленскі даручыў спэцслужбам Украіны забясьпечыць дадатковую абарону беларусам-уцекачам

Акцыя ў Кіеве, 27 ліпеня
Акцыя ў Кіеве, 27 ліпеня

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі даручыў Службе бясьпекі і Міністэрству ўнутраных справаў забясьпечыць безумоўную абарону грамадзянам Беларусі, якія прыбылі ў краіну за апошні год і могуць сутыкнуцца са злачыннымі замахамі ў сувязі зь іх палітычнай або грамадзкай дзейнасьцю.

«Кожны беларус, які можа стаць мішэньню для злачынцаў у сувязі са сваёй грамадзка-палітычнай пазыцыяй, павінен атрымаць асаблівую і надзейную абарону. Служба бясьпекі Ўкраіны і МУС павінны выпрацаваць дакладны альгарытм ацэнкі магчымых рызык, а таксама сыстэму рэагаваньня на гэтыя рызыкі, каб выключыць усякую пагрозу для людзей», — цытуе прэсавая служба Ўладзіміра Зяленскага.

У паведамленьні ўдакладняецца, што цяпер вызначаны сьпіс грамадзян Рэспублікі Беларусь, у дачыненьні да якіх ужо прынятыя адпаведныя меры для ацэнкі рызык, аказаньні дадатковай падтрымкі іх знаходжаньню на тэрыторыі Ўкраіны ды іхнай абароны.

Такое рашэньне ўхвалена ў сувязі з атрыманьнем праваахоўнымі органамі інфармацыі аб магчымых пагрозах шэрагу беларускіх актывістаў, а таксама ў сувязі з трагічнай сьмерцю кіраўніка «Беларускага дому» у Кіеве Віталя Шышова.

​
XS
SM
MD
LG